За асалодай — на бярозавую дзялянку

Колькі таямніц, колькі багацця захоўвае ў сабе лес? Адразу з дарогі і не заўважыш. А ледзь скіруеш… Празрыстыя мяхі, прытуліўшыся да бяроз, збіраюць іх “слязінкі”.
— Перыяд збору бярозавага соку хаця і са спазненнем, але пачаўся даволі актыўна, — расказвае майстар Ушанскага лясніцтва А.С. Хадаронак. – З 5 красавіка зрабілі першыя падсечкі, і ўжо сабралі больш за 20 тон соку. Усяго па плане нам патрэбна здаць яго 100 тон, але пастараемся зрабіць больш. Сокарух цяпер нядрэнны, будзем спадзявацца, што нягледзячы на ўсе прагнозы аб хуткім заканчэнні сёлета сезону збору бярозавіка, мы паспеем зрабіць добрую нарыхтоўку.
Пра гэту звыклую справу Аляксандр Сяргеевіч расказвае без лірыкі, з прагматычным падыходам і прафесіянальным веданнем справы. Каля 6-7 гадоў запар кожную вясну ён вызначае падыходзячыя дзялянкі, дзе можна зрабіць падсочкі, потым кіруе ўсёй работай па нарыхтоўцы соку. Сёлета разам з ім працуюць леснікі Руслан Сяргеевіч Пянкрат і Аляксандр Генадзьевіч Клімашонак. Людзей для такой справы таксама патрэбна падабраць адказных, да таго ж, фізічна моцных, бо ў прамым сэнсе толькі на руках магчыма вынесці празрыстую лясную прадукцыю. Праўда, аблягчае работу конь – адзіны транспартны сродак, які можа “выкруціцца” на лясных сцежках.
Ушанскае лясніцтва, куды мы прыехалі разам з намеснікам дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце В.Т. Умінскім і начальнікам аддзела прамысловай выт-ворчасці С.В. Асланян, традыцыйна з’яўляецца лідарам па нарыхтоўцы бярозавага соку.
— І сёлета ўшанцы, а таксама Любушанскае лясніцтва ўзялі на сябе асноўныя абавязкі па зборы бярозавіку, — зазначыла С.А. Асланян. – У цэлым, задзейнічаны ўсе лясніцтвы. Актыўна мяркуюць папрацаваць Брадзецкае, Мачаскае і Багушэвіцкія лясніцтвы. Усяго лясгасу патрэбна нарыхтаваць 350 тон соку. Рэалізаваць яго мяркуецца на Мінскі завод безалкагольных напояў і бабруйскае СТАА “АазісГруп”.
Гаючы бярозавы нектар карыстаецца попытам і за мяжой. Бярэзінскія лесаводы напрамую за мяжу яго не адпраўляюць, але ўжо атрымалі дэкларацыю на адпаведнасць пат-
рабаванням тэхналагічнага рэгламенту Мытнага саюза аб бяспецы харчовай прадукцыі.
Бярозавік практычна адразу з дрэва даступ-ны кожнаму чалавеку. Набыць яго можна ў любым лясніцтве, дастаткова туды звярнуцца. Ёсць ужо заяўкі, як расказаў В.Т. Умінскі, ад жыхароў іншых гарадоў, якія збіраюцца на выхадныя прыехаць у раён. Вызначаны ў лясніцтвах і ўчасткі лесу для нарыхтоўкі соку на ўласныя патрэбы. Усе жадаючыя таксама могуць звяртацца ў лясніцтвы. Спецыялісты пакажуць адведзеныя месцы, правядуць інструктаж і пракантралююць тэхналогію падсочкі.
Лес і яго дары, як нацыянальнае багацце, не церпяць бескантрольнасці і безнагляд-насці. Вось і нарыхтоўка бярозавага соку ажыццяўляецца на ўчастках ляснога фонду не раней чым за пяць гадоў да наступлення ўзросту высечак дрэў, а таксама на ўчастках, прадастаўленых для высечак галоўнага карыстання або там, дзе праводзяцца іншыя высечкі і высечкі прамежкавага карыстання. З такім падыходам падбіраюцца лясныя масівы, адкуль паступае гаючы бярозавы нектар. Толькі так можна атрымаць асалоду ад яго сёння і зберагчы такую магчымасць на будучае.
На здымках: майстар лесу А.С. Хадаронак; конік у дапамогу.
Ала АЛЬФЕР.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *