Вясёлыя хвіліны ад юных выратавальнікаў

 

У суботу, 14 красавіка, на сцэне раённага Цэнтра культуры адбыўся занальны этап VIII абласнога фестывалю клуба вясёлых і знаходлівых “Таленавітая моладзь таленавітая ва ўсім”.

Перад камандамі стаяла задача — у захапляльнай, крэатыўнай форме паказаць асноўныя накірункі работы Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, а таксама адлюстраванне сітуацый з жыцця юных выратавальнікаў.

Арганізатары фестывалю – Мінскае абласное ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, Мінскае абласное аддзяленне Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, упраўленне адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і Мінская абласная арганізацыйная структура Рэспублікансага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае дабрачыннае пажарнае грамадства”.

За права звацца самымі вясёлымі і знаходлівымі змагаліся 7 каманд: “Лімонныя долькі” (Барысаўскі раён), “Прыкольнае” (Смалявіцкі раён), “Патанцуем” (Крупскі раён), “Адрэналін” (Лагойскі раён), “Dream Team” (г. Жодзіна), “Ёшкі-матрошкі” (Пухавіцкі раён), “Тусоўка” (Бярэзінскі раён).

Камандам давялося прайсці праз наступныя выпрабаванні: конкурсы “Візітная картка”, “Музычны біятлон” і “Музычнае дамашняе заданне”. Гумарыстычнасць канкурсантаў, арыгінальнасць формы выканання, артыстызм, музычнае афармленне праграмы, сцэнічную культуру, зладжанасць каманд, а таксама прытрымліванне рэгламенту ацэньвала кампетэнтнае журы.

Шмат вясёлых хвілін і станоўчых эмоцый падарылі ў гэты дзень канкурсанты усім прысутным у глядзельнай зале цэнтра. Асаблівае дзякуй пачулі ад журы канкурсанты каманды “Прыкольнае” са Смалявіцкага раёна, якія нагадалі рытмы дыскатэкі 90-х гадоў. А прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: 8,35 бала набрала Лагойская каманда “Адрэналін” і заняла трэцяе месца; 9,25 бала і другое месца – у каманды “Ёшкі-матрошкі” з Пухавіцкага раёна і першае месца, бясспрэчна, было прысуджана камандзе з горада Жодзіна “Dream Team”. Каманда “Тусоўка”, якая прадстаўляла Бярэзінскі раён, набрала 7,05 бала і заняла пятае месца.

Для юнакоў і дзяўчат тры гадзіны фестывалю праляцелі імгненна і пакінулі добры настрой, прыемныя ўражанні і вялізнае задавальненне.

Музычныя паўзы на працягу мерапрыемства запаўнялі выступленні Леры Навадворскай, Надзеі Уласавай, Сняжаны Ачыновіч і саміх канкурсантаў, якія прыехалі на фестываль са сваёй гітарай.

 Алена ГРОМАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *