Пераможцы — усе!

Умінулую пятніцу ў вёсцы Новіны каля сельскага Дома культуры гучна звінеў дзіцячы смех, разам з дзятвой бегаў прыгожы бусел у чырвоных ботах і запрашаў у глядзельную залу ўстановы.
Тут збірала ўсіх вялікая і прыемная падзея – рэгіянальны конкурс сямейных пар. Некалькі гадзін на сельскай сцэне ўвагу прысутных трымалі самыя актыўныя і крэатыўныя маладыя сем’і з Мікуліч, Паплаў і Новін.

У фае ўстановы была арганізавана своеасаблівая выстава пад назвай “Тут я нарадзіўся, тут я жыву”. Кожная з сямей прадставіла экспазіцыю пра свой родны куток, сваю радзіму. І дзякуючы арыгінальна аформленым стэндам з фотаздымкамі і невялікімі інфармацыйнымі суправаджэннямі, з іх месцам нараджэння і месцам жыхарства маглі пазнаёміцца ўсе жадаючыя.
І так, спачатку вядучая мерапрыемства і гаспадыня ўстановы Святлана Клімовіч прадставіла канкурсантаў. Андрэй і Алена Якімовічы прыехалі з Паплаў. Андрэй – майстар па будаўніцтве ў сельскагаспадарчым філіяле “Здравушка-агра”, Алена – заатэхнік-селекцыянер, зараз у дэкрэтным водпуску па доглядзе дзіцяці. Сямейны стаж – 7 гадоў. У сям’і гадуюцца два сыночкі – Саша і Ваня. “Изюминкой” сваёй сям’і Алена і Андрэй лічаць каханне і спакой, надзейнасць і давер, павагу і ўменне дараваць.
Сям’я пад нумарам 2 — Эльвін і Вераніка Назаравы з аграгарадка Мікулічы.
Эльвін працуе лесніком у Бярэзінскім лясгасе, Вераніка працавала ў сетцы магазінаў “Міла”, цяпер – у дэкрэтным водпуску. Іх сямейны стаж складае 5 гадоў. У сям’і выхоўваюцца трое дзетак: старэйшаму сыну Джавіду – 5 гадоў, Ягору – 3, а самай маленькай дачушцы Соф’і – паўтара годзіка. “Изюминкой” сваёй сям’і Вераніка і Эльвін лічаць разуменне і каханне.
Пад нумарам 3 выступала сям’я Афанасьевых. Юрый і Анастасія жывуць у Новінах. Юрый працуе жывёлаводам на малочнатаварнай ферме “Падваложка” (СГФ “Здравушка-агра”), Анастасія – у дэкрэтным водпуску. Іх сямейны стаж – 9 гадоў. У сям’і гадуюцца тры сыночкі – Саша, Лёша, Уладзік, і дачушка Вікторыя. Муж і жонка лічаць, што галоўнае ў іх сям’і – дзеці.
На першым этапе конкурсу кожная з сямей прадставіла сваю візітную відэакартку, візуальнае рэзюмэ пра свае сем’і, пазнаёмілі не толькі са сваімі дзеткамі і інтарэсамі, а і з
роднымі, бацькамі, бабулямі і дзядулямі.
У рамках другога конкурснага задання журы давялося ацэньваць раней названую выстаўку-экспазіцыю, для якой кожная сям’я прадставіла своеасаблівыя макеты – як часцінку роднага краю, сваёй малой радзімы, што вельмі значна сёлета.
Далей удзельнікаў конкурсу чакала “Сямейнае бліцапытанне”, з якім усе канкурсанты справіліся на “выдатна”. Прымусіў пахвалявацца і пасмяяцца конкурс “Наш татка самы спартыўны”, на працягу якога матуля і дзеці павінны былі надзьмуць максімальную колькасць паветраных шарыкаў і схаваць іх пад футболку таткі так, каб ён здаваўся самым спартыўным мужчынам на планеце з фігурай культурыста. Усе канкурсанты аказаліся на вышыні, гэта адчувалася па атмасферы ў зале і па ацэнках журы. Наступны конкурс у якасці дамашняга задання “Агароднае пудзіла — вартаўнік садоў і агародаў” таксама павесяліў усіх прысутных. А пудзіла сям’і Назаравых нават станцавала лезгінку, выклікаўшы дадатковы ўсплёск апладысментаў і смеху.
Наступны конкурс “Ежа, якая аб’ядноўвае, ці сямейныя кулінарныя традыцыі” паказаў уменне канкурсантаў ствараць смачныя шэдэўры, традыцыйныя стравы, без якіх не абыходзіцца ніводная сямейная сустрэча. Журы ацэньвала не толькі смакавыя якасці, а і арыгінальнасць афармлення, назвы і падачу прыгатаваных страў.
Завяршальным этапам стаў конкурс “Сямейныя таленты”, у час якога раскрыліся артыстызм канкурсантаў, іх пластычнасць і музыкальнасць. Гучалі песні ад канкурсантаў Назаравых і Афанасьевых, а танец у выкананні Андрэя і Алены Якімовічаў з Паплаў пакінуў асаблівыя ўражанні і водгукі.
Сапраўды, цяжкая задача стаяла перад членамі журы, у складзе якога былі Г.А. Сакалоўская (старшыня журы, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі), Т.Д. Галуза (намеснік дырэктара ДУ “Бярэзінскі тэрытарыяльны цэнтр абслугоўвання насельніцтва), Аляксей Валер’евіч Бабашаў (мастацкі кіраўнік ДУ “Бярэзінскі раённы цэнтр культуры”), М.М. Пытляк (рэжысёр народнага тэатра Бярэзінскага РЦК).
Творчы “вердыкт” выклікаў вялізную і шчырую радасць, напэўна, у сэрцы кожнага прысутнага ў зале: пераможцы – усе! Усе канкурсанты былі адзначаны дыпломамі і падарункамі.
Застаецца дадаць, што спонсарамі, якія дапамаглі стварыць такое відовішчнае і незабыўнае мерапрыемства, выступілі ТАА “Біямалпрам”, ПГВУП “АльгаФудМайстар” і ГА “Белая Русь”. Музычныя паўзы запаўнялі выступленне дзіцячага танцавальнага калектыву Паплаўскага сельскага Дома культуры, нумары ад Вадзіма Пятрэнкі і Надзеі Уласавай, Маргарыты Хаметшынай, Сняжаны Ачыновіч і інш.
Хочацца таксама, каб усе ведалі і былі ўдзячныя намесніку дырэктара раённага Цэнтра культуры, кіраўніку раённага клуба маладой сям’і Валянціне Анатольеўне Пытляк, якая знайшла магчымасць адрадзіць гэтае забытае на некалькі гадоў мерапрыемства — конкурс маладых сямей Бярэзіншчыны.

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *