Як зрабіць свет прыгожым? пашый сабе сашэ з зёлкамі!

Раённы цэнтр дзіцячай творчасці наведваюць звыш 600 хлопчыкаў і дзяўчынак з горада і вёсак. Спяшаюцца яны сюды на пасяджэнні клубаў па інтарэсах і заняткі ў гуртках з вялікім жаданнем навучыцца сваімі рукамі ствараць прыгожыя рэчы. Падтрымліваць такую цікавасць да дэкаратыўна-прыкладной творчасці дзецям дапамагаюць работнікі цэнтра. Яны не толькі пільна сочаць за развіццём дэкаратыўна-прыкладной творчасці, але і самі здольныя здзівіць сваіх калег па цэху новымі відамі цікавых творчых спраў. Назапашаным вопытам яны шчодра падзяліліся з работнікамі цэнтраў дзіцячай творчасці Мінскай вобласці ў ходзе семінара пад назвай “Мініцэнтр, як форма інавацыйнага навучання дзяцей асновам бяспекі жыццядзейнасці ва ўстановах дадатковай адукацыі”, які прайшоў 19 красавіка на базе нашага раёна.

Перш-наперш паважаныя госці наведалі пакой міні-цэнтра для выканання, раскрыцця і набыцця навучэнцамі ведаў па ахове бяспечнай жыццядзейнасці. Ён адкрыўся ў жніўні мінулага года, але трывала лідзіруе ў рэйтынгу дзіцячай папулярнасці. Падкупляе хлопчыкаў і дзяўчынак асаблівая атмасфера ў міні-цэнтры, дзе ёсць усё неабходнае, каб навучыцца не кідацца ў паніку ў экстрэмальных сітуацыях – накладваць шыны, аказваць першую дапамогу пры апёках, выжываць у лесе, вызваліцца ад кляшчоў. Не пакінула аснашчэнне пакоя абыякавым і ўдзельнікаў семінара.
— Тры націскі на грудзі перакрыжаванымі далонямі і адзін моцны выдых паветра ў рот нашаму манекену, — вучыла прысутных дырэктар цэнтра дзіцячай творчасці Алена Драніца. — Некалькі разоў гэта трэба паўтарыць. Калі запаліцца жоўтая лямпачка, усё зроблена правільна і жыццё ўмоўна пацярпеламу выратавана.
Праверыць свае навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі знайшлося нямала ахвотнікаў сярод гасцей, як і пакінуць на памяць аб мерапрыемстве ўнікальнае араматызаванае сашэ. На майстар-клас па яго вырабу запрасіла ўсіх педагог дадатковай адукацыі цэнтра дзіцячай творчасці Іна Чорная.
— Кожнае лета на радзіме матулі ў вёсцы Месціна збіраю розныя лекавыя расліны і ягады, — расказвала яна. — У нас там сапраўднае раздолле, можна назапасіць зёлак на экалагічна чыстых участках. Апрача гэтага, варта асабліва ашчадна высушыць травы. Толькі тады яны здольны аддаць людзям сваю цудадзейную сілу для лячэння розных хвароб і ўзняцця настрою.
На свой адкрыты занятак педагог прынесла мноства траў, каб кожны з удзельнікаў семінара змог выбраць водар па душы. Праўда, толькі гэтым выраб араматызаванага сашэ не абмяжоўваецца — патрэбна было яшчэ сваімі рукамі пашыць мяшочак для траў і абавязкова ўпрыгожыць яго стужкай з нацыянальным арнаментам. З такой задачай усе справіліся на “ўра”.


— Такое сашэ з лёгкасцю заменіць у вашых кватэрах розныя хімічныя асвяжальнікі паветра і будзе кожны раз нагадваць вясковыя духмяныя палі і лугі, стане цудоўным падарункам сябрам і знаёмым, выдатным сродкам узняцця настрою і стварэння асаблівага мікраклімату, — такімі словамі педагог завяршыла свой майстар-клас.
Затым ініцыятыву ўзяла ў свае рукі педагог-арганізатар цэнтра дзіцячай творчасці Ірына Дубовік. Яна наладзіла для паважаных гасцей зазыўны флешмоб, гульню-квэст “ Мы
за здаровы лад жыцця” з цікавымі пытаннямі і заданнямі і рэфлексію “Кветка здароўя”, дзе кожны змог выказаць сваё меркаванне наконт семінара, падзяліцца ўбачаным.
— Падобны абмен вопытам сярод педагогаў дадатковай адукацыі вобласці вядзецца ўжо трэці год, — падвяла вынікі работы семінара Алена Драніца. — Кожнае такое мерапрыемства адкрывае для нас новыя, дагэтуль невядомыя, віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Так, педагогі асвоілі ўжо тэхніку вырабаў з фамерангу і зараз актыўна перадаюць сакрэты майстэрства нашым навучэнцам, якія жадаюць сваімі рукамі і фантазіяй зрабіць гэты свет яркім і прыгожым.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *