“Вянок сяброў” сабраўся ў Беразіно

Народны ансамбль песні “Лявоніха” раённага цэнтра культуры не першы раз збірае сяброў на вялікай бярэзінскай сцэне. На гэты раз лепшыя народныя калектывы Мінскай вобласці і рэспублікі атрымалі сюды пачэснае запрашэнне на святочны канцэрт, прысвечаны Году малой радзімы. На яго ахвотна адгукнуліся сталічная арт – фолк група “Велес”, заслужаны аматарскі калектыў народнай музыкі і песні “Жытніца” Арэхаўскага сельскага Дома культуры Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці, народны ансамбль народнай песні “Вербніца” ДУ “Чэрвеньскі раённы цэнтр культуры” і славуты Смілавіцкі народны хор. Усе яны салістам “Лявоніхі” вядомыя па сумесным удзеле ў розных конкурсах, фестывалях і канцэртах .

Так, арт-фолк група “Велес” складаецца з чыстых галасоў студэнтаў Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. Яны — дастойныя лаўрэаты і дыпламанты прэстыжных міжнародных конкурсаў і фестывалю мастацкай творчасці “Арт-вакацыі”. Калектыву “Жытніца” таксама не пазычаць каштоўных узнагарод і дыпломаў, а іх галасы і песні ўпадабаны прыхільнікамі фальклору ў Румыніі , Аўстрыі, Польшчы, Эстоніі і Швейцарыі. Народны ансамбль народнай песні “Вербніца” — дыпламант трэцяй ступені фестывалю “Напеў зямлі маёй”, пастаянны ўдзельнік фестываляў і конкурсаў Беларусі, Польшчы, Латвіі і Расіі. Смілавіцкі хор вось ужо 45 гадоў знаходзіцца ў нястомным творчым пошуку і ўносіць сваёй вернасцю народным спевам вялікі ўклад у развіццё патрыятычнага выхавання моладзі.
— Аб’ядноўвае гэтыя народныя калектывы бязмежная любоў да народнай песні, — гаворыць мастацкі кіраўнік народнага ансамбля песні “Лявоніха” Данута Сяргееўна Гурэнчык, — жывога голасу народу, які расказвае пра жыццё, яго радасці і смутак, вяртае нас сваёй душэўнасцю, адкрытасцю і чысцінёй да бацькоўскіх вытокаў.
Такую самабытную энергетыку неслі выступленні ўсіх самадзейных калектываў на бярэзінскай сцэне ўвечары 21 красавіка. Кожная песня і найгрыш суправаджаліся гучнымі авацыямі і апладысментамі.
— Мы разумеем непадробную цікавасць бярэзінскай аўдыторыі да сапраўднай беларускай народнай песні, — зазначала Данута Сяргееўна, — і паспрабуем задаволіць яго. Тры гады назад быў цалкам зменены склад ансамбля. На змену былым узроставым вакалістам прыйшлі маладыя, чые прыгожыя галасы і чыстыя спевы красамоўней любых слоў дэманструюць вернасць слаўным традыцыям упадабанай многімі бярэзінцамі “Лявоніхі”. У маладога складу калектыву шмат творчых ідэй і задумак, якія яны паспяшаюцца рэалізаваць у Год малой радзімы.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *