ВОДГУКІ НА ПАСЛАННЕ ПРЭЗІДЭНТА БЕЛАРУСКАМУ НАРОДУ І НАЦЫЯНАЛЬНАМУ СХОДУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

УЛАДЗІМІР УЛАДЗІМІРАВІЧ ГАЛЯНКОЎ, пракурор Бярэзінскага раёна:
— У нашай краіне склалася такая практыка, што кіраўнік дзяржавы звяртаецца з Пасланнем да беларускага народа і парламента. У ім акрэсліваюцца перспектывы і задачы на будучыню, прапануецца канкрэтны план развіцця бізнесу, інвестыцыйнага заканадаўства, занятасці і самазанятасці.
Мяне, як грамадзяніна, радуе, што ставіцца задача захаваць сацыяльны характар развіцця дзяржавы. Пажылыя людзі, малазабяспечаныя, інваліды не застануцца без падтрымкі.
Апрача таго, уздымае настрой рашучы характар кіраўніка дзяржавы на барацьбу з карупцыяй. Гэта з’ява парушыла эканоміку не адной краіны, а хабарніцтва падарвала аснову многіх дзяржаў. Задача пракуратуры — выкараняць прычыны гэтага. Балазе, у дапамогу нам прыняты адзін з самых жорсткіх антыкарупцыйных законаў. Мяркую, што ён і пасланне Прэзідэнта прымусяць кіраўнікоў усіх узроўняў працаваць сумленна, без падману на карысць сваёй краіны.

Святлана Уладзіміраўна САЙКОЎСКАЯ,
намеснік начальніка ўпраўлення — загадчык сектара занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама:
— Пасланне Прэзідэнта, як заўсёды, закранала злабадзённыя пытанні ўсіх сфер жыццядзейнасці, было насычаным з канкрэтнымі задачамі і планамі. Для мяне галоўныя тэзісы выступлення: па-першае, якой будзе наша краіна заўтра – залежыць ад кожнага з нас; і, па-другое, менш слоў — больш спраў, каб усе задачы, пастаўленыя на рознага ўзроўню пасяджэннях, выконваліся.
А.Р. Лукашэнка шмат увагі ўдзяліў сацыяльнай сферы. Вядома ж, закрануў і пытанні эфектыўнага забеспячэння занятасці насельніцтва, а гэта значыць, стварэння новай вытворчасці, новыя працоўныя месцы, рост зарплаты, і, як вынік, павышэння якасці жыцця. Але для гэтага, перш за ўсё, нельга быць абыякавым да сваёй работы, а плённа працаваць. Як адзначыў Прэзідэнт, калі мы будзем працаваць годна, сумленна, то сумеснымі намаганнямі зможам дамагчыся пастаўленых мэт і зрабіць жыццё беларускага народа лепшым. І, вядома ж, гэта ў нас атрымаецца, бо ведаем, куды ідзём.

Павел Міхайлавіч СУГАКА, начальнік аддзела эканомікі райвыканкама:
— У чарговым пасланні Прэзідэнта асаблівая ўвага была звернута на пытанні, што датычацца павышэння заработнай платы, занятасці насельніцтва, стрымлівання інфляцыі, цэнавай палітыкі, прытоку інвестыцый і многіх іншых аспектаў, звязаных з эканомікай. Не засталася па-за ўвагай і такая тэма, як развіццё прадпрымальніцкай ініцыятывы. Сёлета ўступілі ў сілу Указ № 345 “Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання” і Дэк- рэт № 7 “Аб развіцці прадпрымальніцтва”, што прызваны дапамагчы жадаючым рэалізаваць свае магчымасці ў сферы вядзення бізнесу. Згодна з дакументамі, для суб’ектаў гаспадарання прадугледжваецца асаблівы рэжым падаткаабкладання, спрашчаюцца адміністрацыйныя працэдуры, мінімізуецца ўмяшальніцтва кантралюючых органаў у прадпрымальніцкую дзейнасць. Вядзецца ў раёне і растлумачальная работа з насельніцтвам па нормах Дэкрэта № 7.
З гэтай мэтай рашэннем райвыканкама створаны каардынацыйны савет, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі кампетэнтных службаў. Дасягнуты ўжо і пэўныя станоўчыя вынікі ў напрамку паляпшэння бізнес-клімату ў раёне. Першы квартал бягучага года характарызаваўся ростам колькасці індывідуальных прадпрымальнікаў і арганізацый прыватнай формы ўласнасці ў параўнанні з мінулым годам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *