БЕЗ ФАРМАЛІЗМУ І НЕ МІМАХОДАМ

На мінулым тыдні чарговы Дзень аховы працы сабраў спецыялістаў па ахове працы з арганізацый раёна на базе ДБУП “ПМК-182”.

Адкрываючы мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесійных захворванняў пры Бярэзінскім райвыканкаме У. М. Навіцкі, яшчэ раз нагадаў прысутным аб сур’ёзным стаўленні да арганізацыйных момантаў па стварэнні бяспечных умоў працы, добрасумленным выкананні абавязкаў службовымі асобамі і аб недапушчэнні з боку інспектараў абыякавасці да фактаў парушэння заканадаўства ў галіне аховы працы.

З планам, задачамі і парадкам правядзення Дня аховы працы пазнаёміла ўдзельнікаў начальнік аддзела матэрыяльна-бытавога забеспячэння і працоўных адносін упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Н. М. Барауля.

Па тэме Сусветнага дня аховы працы “Ахова працы: маладыя работнікі асабліва ўразлівыя”, які адзначаўся 28 красавіка, выступіў галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Бярэзінскага райвыканкама А. В. Кавалёў:

— Абраная тэма мае на мэце прыцягнуць усеагульную ўвагу да пытанняў паляпшэння аховы працы маладых работнікаў і мінімізацыі дзіцячай працы. Пераходны перыяд ад вучобы да працы павінен ажыццяўляцца бяспечна, без шкодных для здароўя ўмоў. Не трэба забывацца пра гэта і наймальнікам, што прымаюць на працу вучнёўскую моладзь у складзе студэнцкіх атрадаў. Тут увагі патрабуе і правільнасць афармлення такіх работнікаў.

На захаванні патрабаванняў бяспекі пры правядзенні будаўнічых работ акцэнтавала ўвагу інжынер па ахове працы ДБУП “ПМК-182” Я. В. Раманоўская. Пачала яна сваё выступленне з няшчаснага выпадку, які летась напаткаў аднаго з работнікаў прадпрыемства. Прычынай сталі парушэнні заканадаўства па ахове працы і няправільная арганізацыя працы з выкарыстаннем прыстаўной лесвіцы. Для недапушчэння падобнага, па словах інжынера, распрацоўваецца комплекс мерапрыемстваў, ідзе перагляд карт рызык, пры правядзенні работ з выкарыстаннем лесвіц асаблівая ўвага надаецца ўстаноўцы і ўмацаванню абсталявання, забеспячэнню страхоўкі работнікаў, што працуюць на вышыні.

Пра сітуацыю з вытворчым траўматызмам, што склалася на тэрыторыі Бярэзінскага раёна, вёў размову галоўны дзяржаўны інспектар працы Барысаўскага МРА Сяргей Віктаравіч Сыраквашка:

Па выніках за мінулы год няшчасныя выпадкі былі адзначаны ў ААТ “Бярэзінскі”, ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”, ДБУП “ПМК-182”, філіяле КУП “Мінскаблдарбуд” — ДРБУ №192. Асноўнымі прычынамі іх сталі парушэнні арганізацыі рамонтна-будаўнічых работ і выкананне работ без адпаведнай кваліфікацыі.

Па словах дзяржаўнага інспектара, фармалізм і раўнадушнасць інжынераў па ахове працы вядуць да росту фактаў траўматызму і колькасці няшчасных выпадкаў. Выправіць сітуацыю і дасягнуць станоўчых вынікаў у рабоце можна дзякуючы працоўнай і выканальніцкай дысцыпліне, належнаму кантролю з боку службовых асоб, добрасумленным адносінам да абавязкаў.

На пытаннях, што датычыліся атэстацыі рабочых месцаў па ўмовах працы, і асноўных этапах праходжання дадзенай працэдуры спыніўся ўрач-гігіеніст ДУ “Барысаўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Леанід Уладзіміравіч Ломач.

Праграма раённага Дня аховы працы ўключала ў сябе і агляд аб’ектаў ДБУП “ПМК-182”. Разам з выконваючым абавязкі дырэктара В.В. Камека госці наведалі бытавыя памяшканні, пакой адпачынку і прыёму ежы, кабінет па ахове працы.

У завяршэнні мерапрыемства дабрачынны протаіерэй Ілья Ганчарук запрасіў прысутных на выставу “Моладзь за жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці”, наладжаную ў рамках месячніка “Духоўная культура сям’і — аснова маральнасці і бяспекі”, што праходзіць у раёне з 20 красавіка па 20 мая.

Алена МУРАЧ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *