У АСНОВЕ ПАРАДКУ – ПРАЦА І СВЯДОМЫЯ АДНОСІНЫ

Вясна – час наводзіць парадак на зямлі, добраўпарадкоўваць прысядзібныя ўчасткі, дваровыя тэрыторыі і месцы адпачынку. Добрай нагодай для гэтага стала і працоўная субота, 28 красавіка, калі кожны жадаючы змог зноў жа ўнесці свой пасільны ўклад у агульную справу на карысць горада і раёна.

Так, зладжана і дружна прыбіралі смецце, зграбалі і вывозілі лісце з тэрыторыі вакол дома графа Патоцкага і ўздоўж ракі Бярэзіны спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, аддзелаў архітэктуры і будаўніцтва, эканомікі Бярэзінскага райвыканкама. Па словах загадчыка гаспадаркі раённага выканаўчага камітэта Аляксея Аляксеевіча Зубцова, мясцовыя жыхары павінны з павагай ставіцца да роднага горада і імкнуцца сваімі дзеяннямі зрабіць яго яшчэ больш прыгожым і ўтульным.

— Чыстым, акуратным і прывабным з кожным годам становіцца наш горад, — адзначыла жыхарка вуліцы Красіна Ала Віктараўна Сярова, якая таксама вырашыла далучыцца да суботніка. Яна старанна працавала на прысядзібным участку і прылеглай тэрыторыі: прыбірала смецце, мыла плот.

Работнікі ЖКГ, ААТ “Бярэзінскае аграпрамэнерга”, УП “Бярэзінскі аўтатэхсэрвіс”, КУП “Мінскаблдарбуд” ДРБУ-192, філіяла “Мінаблпаліва”, райспажыўтаварыства наводзілі парадак уздоўж вуліцы Дзяржынскага. А супрацоўнікі дзяржаўнай установы “Бярэзінская спецыялізаваная дзіцяча-­юнацкая школа алімпійскага рэзерву” з самай раніцы былі заняты ўладкаваннем пляцоўкі для антывандальных трэнажораў, пазаймацца на якіх жадаючыя могуць бясплатна і ў любы час.

— Месца для будучай пляцоўкі ўтрамбавана. Наступны крокам будзе кладка пліткі. А пакуль на чарзе – будынак былой спартыўнай школы, дзе таксама патрэбна навесці парадак, абкасіць і пафарбаваць фасад, — расказаў намеснік дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы ДУ “Бярэзінская СДЮШАР” Уладзімір Генадзьевіч Жукоўскі.

Дарэчы, сёння пляцоўка цалкам добраўпарадкавана, а трэнажоры пад павеццю ўжо чакаюць аматараў спорту.

Алена МУРАЧ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *