«Фарфоравыя» юбілеі Наталлі

Камунікабельная, уважлівая, ветлівая, здаецца, заўсёды з добрым настроем, усмешкай і… падпіснымі квіткамі ды каталогам на розныя перыядычныя выданні. Гутарка ідзе пра начальніка аддзялення паштовай сувязі «Беразіно-1» Наталлю Рыгораўну Сіняк.

Яна пра сябе, ды і пра іншых паштовых работнікаў, з усмешкай гаворыць – універсальныя “салдаты”.
— Працоўны дзень пачынаецца ў палове восьмай, а заканчваецца…, калі ўсё з запланаванага закончу рабіць, — расказвае Наталля Рыгораўна. – А гэта і падпіска на перыядычныя выданні, і кантроль за дзейнасцю паштальёнаў, аператараў гарадскога аддзялення і шмат-шмат усяго іншага. А калі неабходна, то я і сама магу падмяніць аператара. Наш калектыў, менавіта гарадскога АПС, невялікі – 11 чалавек. Усе адказныя, працавітыя, як кажуць, на сваім месцы. Асабліва “гараць” на працы, заўсёды выконваюць і нават перавыконваюць планы па падпісцы, ведаюць пайменна кожнага падпісчыка, паштальёны Галіна Аляксандраўна Маслава і Алена Міхайлаўна Ясікава.
…Наталя Рыгораўна ніколі і не думала, што яе жыццё будзе звязана з поштай. Яна мясцовая. Пасля школы закончыла кааператыўны тэхнікум. Вярнулася ў родныя мясціны. Неяк сяброўка запрасіла на вяселле – там і пазнаёмілася з будучым мужам Аляксандрам. Некаторы час яны жылі ў Арэшкавічах, дзе жанчына працавала сакратаром у тагачас-ным калгасе “Бальшавік”. А затым лёс прывёў Наталлю Рыгораўну ў паштовае аддзяленне ў вёсцы Арэшкавічы – і “вырашыў”, што менавіта тут яе прызванне. Дарэчы, яно поўнасцю супала з жаданнем самой жанчыны – праца прыйшлася ёй па душы. І пасля пераезду ў Беразіно пайшла працаваць у Бярэзінскі вузел паштовай сувязі. За 20 гадоў Наталля Рыгораўна была і аператарам сувязі, інструктарам па эксплуатацыйна-тэхналагічных пытаннях, а цяпер – начальнік аддзялення паштовай сувязі «Беразіно-1».
— Мне падабаецца наша нялёгкая, адказная, але цікавая, насычаная падзеямі работа. Чым? У першую чаргу – за зносіны з людзьмі, — расказвае Наталля Рыгораўна. — Усе асаблівыя, а нам да кожнага неабходна знайсці “ключык”. Пагутарыць, распытаць пра жыццё, выслухаць праблемы, дапамагчы вызначыцца з перыядычным выданнем… Вядома ж, сёння газет выпісваюць значна менш. З усімі навінамі знаёмяцца ў інтэрнэце. Але старэйшае пакаленне не здраджвае друкаванаму слову. Бясспрэчна, наша раёнка карыстаецца папулярнасцю, бо ўсе хочуць ведаць менавіта мясцовыя навіны. Вядома ж, і я даўні “сябар” раёнкі. Мне цікава пачытаць пра мерапрыемствы, што прайшлі ў раёне, знаёмых людзей, а яшчэ пра адукацыю, алімпіяды, школьнікаў, настаўнікаў…
Дарэчы, так атрымалася, што ў гэтым годзе Наталля Рыгораўна — выпускніца Акадэміі сувязі, у якой вучыцца завочна. І яе старэйшы сын Міхаіл — таксама выпускнік – заканчвае 11 класаў Бярэзінскай гімназіі. А малодшы Максім – вучань 8 класа.
— Я амаль увесь час “прападаю” на рабоце. Таму, шчыра кажучы, мне пашчасціла з мужам, з якім разам таксама 20 гадоў. Таму, можна сказаць, у гэтым годзе ў мяне двайное “фарфоравае вяселле”. Аляксандр прывык да маёй работы, не скардзіцца на тое, што самому неабходна іншы раз прыгатаваць вячэру. Ды і сыны – галоўныя нашы памочнікі.
Любімая сям’я – мая падтрымка, крыніца энергіі, шчасця, добрага настрою.
Тады разам з поштай, нашымі шматграннымі паслугамі хочацца кожнаму кліенту, падпісчыку, у кожны дом прынесці часцінку цеплыні і добры настрой.
Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

«Фарфоравыя» юбілеі Наталлі: 1 комментарий

  • 17 мая 2018 в 11:33
    Permalink

    Наташа — человек своего дела. Всегда с улыбкой, в хорошем настроении, подскажет/поможет/посоветует. Грех у такой приятной женщины не выписать газету. Успехов!!!!!!!

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *