Урокі жыцця Алены Iосіфаўны

У такую галіну, як сувязь, яна трапіла невыпадкова. Яшчэ са школьных гадоў у дзяўчыны праявіліся схільнасці да дакладных навук. Ды і намаганні тагачаснага настаўніка фізікі не прайшлі дарэмна. Менавіта ён з вышыні свайго вопыту і ўзросту правільна накіраваў сваю вучаніцу і падказаў шлях да стабільнасці. А сёння яна – прафесіянал сваёй справы, які заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу і падзяліцца назапашаным вопытам з маладымі кадрамі Бярэзінскага вузла электрасувязі.

У 1987 годзе малады спецыяліст Алена Іосіфаўна Падамацька прыехала ў Беразіно па размеркаванні. Пачынала свой працоўны шлях з пасады тэхніка па абслугоўванні станцыйнага абсталявання. Паралельна ў гэты ж год стала студэнткай завочнага аддзялення Мінскага радыётэхнічнага інстытута.
— Пасля заканчэння васьмігодкі ў Нясвіжскім раёне сумненняў з выбарам будучай прафесіі не ўзнікала, таму і вырашыла падаваць дакументы ў сталічны тэхнікум сувязі. Чатыры гады праляцелі непрыкметна. Асаблівыя ўра-жанні пакінула практыка, якая дала магчымасць у рэальнасці пазнаёміцца з работай станцыі сувязі. Размеркавацца прапанавалі ў Беразі-но. І варыянт прыйшоўся мне даспадобы, бо горад адразу падкупіў сваёй прыроднай прыгажосцю, — расказала А.І. Падамацька.
З цеплынёй у голасе ўзгадвае яна сваіх “настаўнікаў” — старэйшых калег Веру Рыгораўну Мірановіч, Валянціну Пятроўну Лаўровіч, Віктара Васільевіча Кавалеўскага, Жанну Васільеўну Казак, Зінаіду Паўлаўну Гаеўскую. Гэтыя людзі прыходзілі на дапамогу, накіроўвалі, падтрымлівалі напачатку працоўнай дзейнасці. Дастойным прыкладам для пераймання ў прафесійным плане і па асабістых якасцях былі тагачасныя кіраўнікі Іван Аляксандравіч Аляшкевіч і Мікалай Раманавіч Цыркуновіч.
У 1996 годзе Алена Іосіфаўна была пераведзена на пасаду інжынера электрасувязі, а сёння і ўжо больш за дзясятак гадоў яе праца неразрыўна звязана з аказаннем паслуг электрасувязі насельніцтву. Заключэнне дагавораў і іх суправаджэнне, далейшае абслугоўванне, дапамога ў вырашэнні пытанняў. Значны аб’ём работы сёння звязаны і з заменай нумарацыі ў выніку рэканструкцыі тэлефоннай сеткі. Трэба праінфармаваць абанента аб неабходнасці замены нумара і расказаць пра перавагі гэтай працэдуры.
Дарэчы, прафесійнае майстэрства Алены Іосіфаўны неаднойчы адзначалася кіраўніцтвам і па выніках выпрабаванняў розных узроўняў. Так, у 2011 годзе яна абараняла гонар сталічнага філіяла ў рэспубліканскім конкурсе “Лепшы прадавец”. Дастойна прайшла адборачны этап, стала лепшай з лепшых у вобласці і заняла другую прыступку п’едэстала ў канкурэнтнай барацьбе з прадстаўнікамі рэспублікі. Акрамя таго, яна з’яўляецца актыўным удзельнікам штогадовай спартакіяды сярод работнікаў галіны, дзе выступае адразу ў некалькіх відах спорту.
— За што Вам падабаецца праца ў галіне сувязі?
— Род дзейнасці падыходзіць мне па тэмпераменце і прыносіць матэрыяльны дабрабыт. Акрамя таго, у нашай рабоце не абысціся без самаразвіцця і бесперапыннага руху ў нагу з часам.
— Якім заняткам аддаяце перавагу ў вольны ад работы час?
— Не ўяўляю свайго жыцця без спорту. Дзякуючы ўрокам Надзеі Пятроўны Самец, навучылася амаль што прафесійна плаваць, а таксама з задавальненнем наведваю зал аэробікі. Акрамя таго, атрымліваю асалоду ад прагляду савецкіх фільмаў і люблю адпачынкі на прыродзе. Падабаецца таксама назіраць за ростам і развіццём раслін на прысядзібным участку і атрымліваць зарад станоўчых эмоцый ад квітнеючай прыгажосці.
— З нагоды прафесійнага свята вы жадаеце…
— Усім дабра, сямейнага шчасця і сардэчна запрашаем у «Белтэлекам»!
Алена МУРАЧ.
Фота аўтара.

Урокі жыцця Алены Iосіфаўны: 1 комментарий

  • 17 мая 2018 в 14:41
    Permalink

    Елена Иосифовна — человек своего дела, грамотная, общительная, дотошная.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *