Няма нічога важнейшага за мір

 

Здавалася,  што 8 мая на  вуліцах  горада  Барысава,  дзе  праходзіла  абласное свята 73­-яй гадавіны Вялікай Перамогі, сён­няшнія дні перапляліся з мінулымі, з часам, калі ўся наша краіна перажывала самае страшнае – вайну. Практычна на кожным кроку да цэнтральнай плошчы ­ стылізаваныя пляцоўкі, якія нібы наяве паказвалі суровыя ваенныя будні. Тут і шпіталь, і друкарня, і салдацкі касцёр, няхітры быт… Каля помнікаў – ганаровыя варты і мноства кветак. З ускладання кветак да помніка “Ахвярам фашызму” пачалося і святкаванне, куды сабраліся кіраўніцтва Мінскай вобласці, кіраўнікі і дэлегацыі ўсіх рэгіёнаў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, барысаўчане.

Вогненным валам пракацілася вайна па Міншчыне. Наш народ зведаў усе яе нягоды. Мінская зямля памятае і полымя партызанскай барацьбы, подзвігі падпольшчыкаў і цяжкія баі за вызваленне. У гэтыя святочныя дні мы аддаём даніну глыбокай павагі тым, хто прынёс на алтар Перамогі самае дарагое – маладосць, здароўе і сваё жыццё. Яны, як і мы сёння, хацелі жыць, радавацца, але вайна перакрэсліла іх лёсы.Яркае сонца і блакітнае неба, пераможныя маршы, шматколернасць – усё гэта стварала асаблівы настрой. Самым значным святам назваў Дзень Перамогі старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль Міхайлавіч Ісачанка, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства з галоўнай сцэны, устаноўленай на цэнтральнай плошчы: “Роўна 73 гады таму назад была падведзена рыса пад самай крывапралітнай вайной у гісторыі чалавецтва. Узняўшы над рэйхстагам Сцяг Перамогі, савецкі народ вярнуў чалавецтву мір і свабоду. У гэтыя вясеннія дні кожны чалавек, кожная сям’я, увесь наш народ жывуць памяццю аб той падзеі. Мы зноў і зноў перажываем той духоўны пад’ём, які адчувалі нашы суайчыннікі ў момант заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Дзень Перамогі – гэта сапраўды свята са слязамі на вачах, бо ў ім злучыліся і радасць, і горыч страт”.

Старшыня аблвыканкама з асаблівай удзячнасцю звярнуўся да ветэранаў вайны: “Нізкі паклон вам за Перамогу! Дзякуй за тое, што не шкадавалі сябе на фронце і ў тыле, за тое, што выстаялі, што адрадзілі з руін і попелу родную зям­лю. Ваша стойкасць, мужнасць, само жыццё ­ дастойны прыклад для людзей розных пакаленняў. Мы ганарымся вамі, раўняемся на вас, сёння стараемся зра­біць усё магчымае, каб пакаленне пераможцаў жыло дастойна”.

Асаблівыя словы адра­саваліся і мала­дым людзям. “Даз­вольце пажадаць моладзі заўсёды памятаць аб подзвігах былога, захоўваць слаўныя баявыя традыцыі бацькоў, дзядоў, прадзедаў і рабіць усё, каб цень вайны ніколі больш не накрыла нашу краіну”.

Эмацыянальным было выступленне ветэрана Вялікай Айчыннай вайны,  жыхара   Уз­дзенскага  раёна Уладзіміра Яфі­мавіча Парабко­віча.   З  гонарам у голасе гаварыў і вучань Бары­саўскай гімназіі №3   Юрый    Ма­розаў.

Хвіліна маўчання змянілася гулам  тэхнікі падчас свя­точнага марша.  З   зацікаўленасцю на­зіралі за ім усе прысутныя, і з упэўненасцю, што наша моц, у тым ліку ваенная, больш нікому не дазволіць замахвацца на нашу зямлю і свабоду.

Не дазволіць гэтага і наша згуртаванасць. Яркая, відовішчная сумесная канцэртная праграма пацвердзіла гэта.  А таксама тое, што няма нічога больш важнага, чым мір – з мелодыямі аркестраў, бляскам медалёў на касцюмах ветэранаў, вясновай квеценню, радаснымі ўсмешкамі. Адным словам, жыццём пад блакітным небам.

У абласным свяце прыняла ўдзел дэлегацыя Бярэзінскага раёна на чале са старшынёй раённага выканаўча­га камітэта Аляксандрам Мікалаевічам Бабічавым. Быў прадстаўлены і гандаль Бярэзінскага райспажыўтаварыства, які карыстаўся попытам у гасцей Барысава.

Ала АЛЬФЕР. Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *