Фактар поспеху — руплівасць

Кожны раз, калі наступае сезон пашавага ўтрымання жывёлы, на яго ўскладваюцца вялікія спадзяванні як на перыяд “вялікага” і таннага малака. Але атрымаць максімальную колькасць продукцыі ферм можна толькі ў выпадку строгага захавання тэхналогіі ўтрымання жывёлы і скармлівання травастою. Любая, нават самая нязначная на першы погляд дэталь, можа адмоўна адбіцца на выніках работы – тая ж шырыня прагона, працэс страўлівання пашы, нават месца знаходжання на ёй бочкі з вадой для паення кароў.

Так, пачаткам усёй работы павінна быць правільнае фарміраванне гуртоў, дзе колькасць жывёл не павінна перавышаць 180-200 галоў. Плошча адведзенай пашы вызначаецца як па колькасці жывёлы, так і па якасці травастою, яго ўраджайнасці. Пасьба павінна весціся франтальна, з тым разлікам, каб увесь шматкампанентны травастой выкарыстоўваўся эфектыўна і не марнаваўся, а праз два-тры тыдні пасля яго выкарыстання, пры правядзенні комплексу аднаўленчых работ, мог быць зноў запушчаны. Усе ўчасткі выпасу неабходна забяспечыць прагонамі, электрапастухамі, у дастатковай колькасці — вадой і соллю. Утрыманне жывёлы на пашы павінна быць арганізавана кругласутачна.
Вялікая роля ў атрыманні малака належыць пастухам. Пры іх умелай арганізацыі работы жывёла атрымае максімальную колькасць корму і, адпаведна, даць больш прадукцыі. Даглядчыкі жывёлы абавязаны быць зацікаўлены ў выніках сваёй працы і мець сапраўды дзеючыя талоны якасці. Павінны фіксіравацца не толькі іх штодзённая зарплата, але і вынікі атрыманай прадукцыі – яе рост або зніжэнне да папярэдняга перыяду, прымацца канкрэтныя меры разам са спецыялістамі галіны па выпраўленні сітуацыі да лепшага.
Асноўным фактарам росту надояў у летні перыяд з’яўляецца руплівасць усіх жывёлаводаў і захаванне імі ўсіх тэхналагічных драбніц. Іх нямала. І для таго, каб у чарговы раз нагадаць іх на старце сезона пашавага ўтрымання жывёлы, на базе ААТ “Брадзец” упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама правяло са спецыялістамі жывёлагадоўчай галіны раёна семінар-вучобу, дзе прысутныя змаглі на прапанаваным прыкладзе пабачыць арганізацыю гэтай работы. Аб яе наладжванні і наогул стане спраў у галіне паведаміў дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства А.М. Крук. Перад удзельнікамі семінара выступілі намеснік начальніка райсельгасхарчу А.А. Шалай, дырэктар Бярэзінскага філіяла Мінскага племпрадпрыемства М.І. Саскавец і галоўны ветэрынарны ўрач раёна Н.Л. Даніленка, якія паставілі канкрэтныя задачы на будучы сезон і ўказалі меры, якія паспрыяюць паспяховаму выкананню задання. А яно наступнае: за пашавы пяцімесячны перыяд павінны атрымаць 2063 тоны валавой прадукцыі, або па 1954 кілаграмы малака ад каровы. Пры гэтым штодзённая прыбаўка павінна складаць 518 кілаграмаў прадукцыі як на карову, так і па вале.
Не выкарыстаць спрыяльны сезон у поўнай меры для таго, каб выйсці на “плюс” па паказчыках да аналагічнага мінулагодняга ўзроўню, мы не маем маральнага права, бо другога аналагічнага зручнага моманту паправіць становішча ў нас, на жаль, не будзе.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *