У Беразіно стартавала корманарыхтоўка

Веснавы каляндар работнікаў сельскай гаспадаркі вельмі шчыльны і напружаны: не паспявае завяршыцца адна масавая кампанія, як яе прыспешвае чарговая работа. Сёння гэта – корманарыхтоўка. Асобныя гаспадаркі (ААТ “Бярэзінскі”, “Пагосцкі” “Першамайскі”, сельгасфіліял “Здравушка-агра”) яе па-чалі з падкашвання кастрыцы і люцэрны, нарыхтоўкі з іх сена і сенажу ў плёнцы. Наступны тыдзень адзначыцца стартам масавай нарыхтоўкі кармоў. Пра тэндэнцыі будучай кампаніі, планы і рэальныя магчымасці назапасіць багаты рацыён на будучую зімоўку размаўляем з начальнікам аддзела рас-лінаводства і жывёлагадоўлі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віктарам Іванавічам Мінько.
— У час правядзення першага ўкосу нам патрэбна ўбраць 10300 гектараў траў, з іх каля пяці тысяч гектараў – з палепшаных лугавых угоддзяў. З ліку шматгадовых траў гэта ў асноўным бабовыя і злакавыя культуры (прыкладна па 3000 гектараў), а таксама бабова-злакавыя сумесі. Без уліку аднагадовых траў, плошча якіх зойме яшчэ каля 4,5 тысячы гектараў. Да названага аб’ёму дададзім 1700 гектараў, на якіх расла свірэпіца, а таксама асобныя ўчасткі, дзе загінулі пасевы рапсу. Не забываем і пра 6600 гектараў кукурузы, з якіх 600 пойдуць на зерне, а астатняе – на сілас.
— Што паказваюць першыя вынікі ўборкі траў?
— Яны сведчаць аб тым, што для касьбы наступіў самы спрыяльны тэрмін. Так, аналіз люцэрны паказвае, што яна ўтрымлівае каля 20% бялку. А гэта нават больш, чым яго знаходзіцца ў камбікармах. Марудзіць няма часу, нягледзячы на тое, што з-за сухога надвор’я травастой зараз не самы лепшы. Аднак ён павінен палепшыцца: дадуць свой вынік дажджы апошніх дзён, ды і намаганні аграрыяў таксама – яны своечасова падкармілі ўсе кармавыя ўгоддзі, па магчымасці прабаранавалі іх. Таму ўборка траў менавіта сёння дае магчымасць, па-першае, захаваць у корме ў найбольшай колькасці ўсе спажыўныя рэчывы, а, па-другое, пры наступым эфектыўным развіцці травастою дасць магчымасць правесці да завяршэння сезона нарыхтоўкі яшчэ два ўкосы (хаця б выбарачныя). А гэта дадатковы запас кармоў.
— Што ж плануеццца і ў якім аб’ёме нарыхтаваць за час правядзення касавіцы?
— Нарыхтаваць у цэлым мяркуецца сена – 5500 тон, сенажу і сіласу — па 120 тысяч. З іх 11600 – у плёнцы. Апошні від нарыхтоўкі паказвае сваю эфектыўнасць год ад году і становіцца ўсё больш запатрабаваным. Мяркуйце самі, корм у плёнцы захоўвае амаль усе карысныя рэчывы ў поўным аб’ёме, не патрабуецца дадатковых складоў для яго захоўвання, а яго паяданне складае сто працэнтаў. Сёлета такі сілас бу-дзем заварачваць у 9 слаёў плёнкі (на 1 больш), што дасць лепшую яго захаванасць.
Астатні сакавіты корм бу-дзем трамбаваць. Дарэчы, тэх-нічных магчымасцей для ўборкі траў і іх захоўвання ў нас дастаткова. Сёлета да існаваў-шай корманарыхтоўчай тэхнікі ААТ “Першамайскі” набыў новы сучасны КВК-800. Да 1 верасня мяркуецца ўвесці 22 новыя траншэі для захоўвання кармоў, кожная з якіх разлічана на 2,5 тысячы тон. Летась таксама было ўведзена 8 траншэй, гэта работа будзе прадоўжана і ў наступным годзе, і неўзабаве мы поўнасцю адмовімся ад выкарыстання заглыбленых сянажных ям і буртоў.
Пры закладцы кармоў у гаспадарках традыцыйна будуць на кожным аб’екце дзяжурыць адказныя за якасць і тэрміны спецыялісты. У цэлым на закрыццё кожнай ямы ці траншэі адводзіцца не больш чатырох дзён, гэта рэальныя тэрміны. Што датычыць тэрмінаў першага ўкосу, завяршыць яго мяркуем да 5 чэрвеня і назапасіць пры гэтым па 8,4 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. У цэлым па выніках сезона нарыхтоўкі стаіць задача дасягнуць узроўню ў 31,1 ц к. адз. Гэта, зразумела, больш гадавой патрэбы грамадскага статка і прадугледжвае паўтарагадовы запас корму. Пастаўленая задача пры спрыяльных умовах надвор’я рэальная. Матэрыяльных рэсурсаў для яе ажыццяўлення дастаткова.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *