Абрад «ваджэнне куста» прайшоў на Бярэзіншчыне

Тройца альбо Сёмуха — адно з самых любімых свят ці не кожнага з нас. У вёсцы Новіны каторы год запар у гэты дзень праводзяць абрад “Ваджэнне куста”. Ён з’яўляецца яркай рэгіянальнай адметнасцю траецкага свята.

Як і даўней, дзяўчаты ў ходзе абраду выбіраюць найпрыгажэйшую сяброўку, аздабляюць яе ўбор зялёнымі галінкамі і кветкамі, і абыходзяць разам з красуняй амаль усе хаты. Робяць яны гэта, як належыць традыцыям, з песнямі і карагодамі. Абавязковы атрыбут Сёмухі – вялікая яечня, спечаная на патэльні, якая сімвалізуе сабой сонца – сімвал дабра і цяпла. Ім вітаюць паважаных гасцей у кожнай хаце.
Аднак спачатку дзявочы гурт з песнямі крочыць па вёсцы:
Троіца, Троіца,
       святая Багародзіца,
Пасею жыта,
      ды няхай зародзіцца.
Пасею жыта,
                             пшаніцу,
Зарадзі, Божа,
             усякую пашніцу!
А вось дзяўчаты ўжо спыняюцца каля падворка і зазыўна вітаюць гаспадароў абрадавай песняй:
Ой, выведу я куст
                      і з зялёнага бору,
Дзень добры гаспадарскаму
                                           двору!
Нашаму кусту трэба
                       бочку мёду даці,
А нам, дзевачкам,
                харашэнька спяваці!
Гаспадары рады гасцям, аднак дзяўчаты не спяшаюцца зайсці ў хату, а заводзяць на падворку танец-карагод:
“Пойдзем, дзевачкі, мы ў гай гуляць…”
А на святочным стале гасцей ужо чакае не толькі спечаная яечня, але і пірог, і розныя смачныя стравы, прыгатаваныя загадзя:
Даём вам, даражэнькія,
      пірог, каб ён вам сілу збярог!
Куста ваша малада
                                            і хароша,
За яе вам дадзім яшчэ
                                          і грошай!
Пачаставаўшы святочныя прысмакі і сабраўшы гасцінец, прыгажуні развітваюцца з гасціннымі і шчодрымі гаспадарамі.
Яны дзякуюць гаспадарам і з песняй “Ходзіць Пава па вуліцы” накіроўваюцца да другога падворка.
— Абрад “Ваджэнне куста» набыў у апошнія гады вялікую папулярнасць сярод вяскоўцаў, — зазначае дырэктар Новінскага СДК Святлана Клімовіч, — і збірае ўсё больш і больш жадаючых дакрануцца да старадаўніх традыцый і спадзяванняў продкаў. Пажаданні нашых прашчураў мала чым адрозніваюцца ад сённяшніх: яны просяць літасці і шчодрага ўраджаю ў Бога. На гэтым здаўна трымалася вясковае жыццё і квітнела малая радзіма.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота з архіва Новінскага СДК.

Абрад «ваджэнне куста» прайшоў на Бярэзіншчыне: 1 комментарий

  • 1 июня 2018 в 14:43
    Permalink

    Интересный обряд,хотелось бы посмотреть в следующий раз! Спасизо за интересный материал

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *