Касавіца ў Бярэзінскім раёне называе лідараў

Прыгожыя летнія дзянькі ў самы разгар касавіцы настройваюць на лірычны лад. Аднак не да лірыкі часцей яе ўдзельнікам, бо перад імі пастаўлена важная і адказная задача – ухапіць самы спрыяльны чаc для забеспячэння кармамі грамадскага статка. І ўсё ж прыемную нотку, у тым ліку самую сапраўдную музычную, у важную справу ўносяць ушанаванні пераможцаў.
Да лідараў касавіцы адправіліся на днях старшыня раённага камітэта прафсаюзаў АПК Валянціна Анатольеўна Козел, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Валянцінаўна Бурая і наш знакаміты музыка Міхаіл Аляксандравіч Папруга.
Першы адрас наведання – адкрытае акцыянернае таварыства “Бярэзінскі”, дзе на касьбе траў лідзіруе Юрый Аляксандравіч Бандарэнка. У гэтай справе ён далёка не навічок, два гады выводзіць на сенажаці сельгаспрадпрыемства магутны МТЗ-3022 з касілкай КМР-9, увогуле ж, з кормана-рыхтоўкай на “ты” з 1999 года, пэўны час працаваў у суседнім ААТ “Брадзец”. Прэмію за сумленную працу Юрыю Аляксандравічу ўручылі В.А. Козел і старшыня пярвічнай арганізацыі гаспадаркі Т.М. Варабей.
Малады, статны, прыгожы, працавіты, старанны. Гэта ўжо пра механізатара ААТ “Месціна” Дзмітрыя Станіслававіча Чэрапа. Нягледзячы на ўзрост, ён неаднойчы называўся ў ліку перадавікоў, на гэты раз сярод корманарыхтоўшчыкаў. Сам мясцовы, на працу ў сельскую гаспадарку прыйшоў практычна адразу са школьнай парты. Прафесію механізатара набываў у раённым цэнтры. І пяць гадоў пасля гэтага кожны сезон і ў любую кампанію шчыруе на палетках.
На сенажаць СУП “Агра-МАЗ” мы прыехалі разам з намеснікам дырэктара прадпрыемства па вытворчых пытаннях С.С. Мурашка і трапілі на самы абед. Дарэчы, развозіць харчаванне ўдзельнікам корманарыхтоўчай кампаніі старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Г.А. Кляшчонак, і, вядома, далучылася да ўшанавання перадавіка — Сяргея Фёдаравіча Петрушэні. Хаця працуюць тут атрадам і комплексна, што паскарае тэмпы нарыхтоўкі кармоў і забяспечвае іх якасць. Сваю “выгаду” атрымаў і наш
музыка Міхаіл Папруга, які “сабраў залу” гледачоў і атрымаў гучныя апладысменты за віртуозную ігру на гармоніку і жартоўныя песні.
Кожны з лідараў касавіцы пачуў у свой адрас нямала цёплых слоў ад Валянціны Анатольеўны Козел і ўсіх прысутных, атрымаў матэрыяльнае заахвочванне ад райкама прафсаюза і, вядома, зарад бадзёрасці на далейшую паспяховую працу.
Ала АЛЬФЕР.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *