Працаваць з верай

Работнікі ПМС пастаянна падтрымліваць свой “другі дом” у належным парадку, упрыгожаным кветкамі і зелянінай, канструкцыямі малой архітэктурнай формы ўласнай вытворчасці. Адзначаюць гэта і жыхары Бярэзіншчыны, і раённы выканаўчы камітэт, які не раз узнагароджваў калектыў граматамі за лепшае афармленне адміністрацыйнага будынка і прылягаючай тэрыторыі.
Сённяшні дырэктар ПМС Яўген Валянцінавіч Скачко годна прадаўжае традыцыі і паспеў ужо ажыццявіць адну са сваіх задумак па паляпшэнні знешняга выгляду тэрыторыі. Сапраўды, каму ж яшчэ быць прыкладам гаспадарання на зямлі, як не меліяратарам, якім выкананнем штодзённых абавязкаў прадпісана займацца добраўпарадкаваннем на зямлі.

Я.В. Скачко – з ліку былых перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны, але лічыць сябе жыхаром Бярэзіншчыны, бо большая частка яго жыцця, пачынаючы з вучобы ў школе, прай-шла менавіта тут. Пачынаў працоўную дзейнасць з простага рабочага. Што такое складанасці вытворчага працэсу, ведае не па чутках і нацэлены на іх паспяховае вырашэнне.
— Безумоўна, — адзначае ён, — у кожнай галіне ёсць свае аспекты і складанасці. Меліярацыя – не выключэнне. Галоўнае ў любой справе – не складваць рукі, а дзейнічаць і знаходзіць адпаведныя шляхі.
А спраў у работнікаў ПМС заўсёды шмат. Сёння яны працуюць на галоўным для сябе аб’екце “Восава” ў Барысаўскім раёне. Намячаецца значны аб’ём работы і яшчэ на двух аб’ектах, ужо на тэрыторыі нашага раёна. Акрамя таго, людзі заняты штодзённымі справамі па доглядзе і абкошванні існуючых каналаў, аказаннем транспартных паслуг арганізацыям і прадпрыемствам Бярэзіншчыны па дастаўцы матэрыялаў і паліва, карчоўцы дрэў і добраўпарадкаванні тэрыторый. Наогул, у плане меліярацыйныя работы займаюць 77 працэнтаў, астатняе – гэта будаўнічыя работы і паслугі. І наколькі члены калектыву будуць на працягу года запатрабаваны, забяспечаны аб’ёмамі работ, стануць пераможцамі ў тэндарах, якія праводзяцца, будуць мець годную зарплату і станоўчы вынік, у першую чаргу залежыць ад намаганняў кіраўніка.
Толькі аднымі арга-нізатарскімі здольнасцямі справу не адолееш, калі побач няма надзейных і правераных гадамі працы работнікаў. І такія ў ПМС, вядома ж, ёсць. І іх нямала. З гонарам, цеплынёй і павагай называе іх імёны Яўген Валянцінавіч. Так, на самых адказных участках заўсёды завіхаецца экскаватаршчык Раман Ільіч Маркоўскі. Вялікі, больш за 30 годоў, стаж работы дазваляе яму чытаць схемы, выконваць работы граматна і якасна. Над ім не трэба стаяць і кіраваць працэсам работы, падказваць і кантраляваць. Ён адзін з тых, хто, зарабляе прадпрыемству грошы і гарантуе належную якасць работы.
Сапраўды, залатыя рукі мае зваршчык Віталій Мікалаевіч Даніленка. Гэта дзякуючы яго майстэрству і фантазіі каля адміністрацыйнага будынка прадпрыемства з’явілася клумба-матылёк, звараная з падручных матэрыялаў. Не менш старанна рупіцца і яго калега Аляксандр Уладзіміравіч Шмэрка – спецыяліст з 27-гадовым стажам. Наогул, у ПМС нямала старажылаў, якія і складаюць ядро калектыву, яго эліту, як назваў гэтых людзей дырэктар.
Сярод тых, хто акрамя асноўнай работы аказвае паслугі і іншым арганізацыям,
— Алег Міхайлавіч Абазовік, які ўпраўляецца адразу з дзвюма адзінкамі тэхнікі – кранам і бензавозам. У руках Мікалая Васільевіча Яблонскага магутны энерганасычаны трактар МТЗ, які запатрабаваны ў любую пару года. Рэдка сядзіць без справы і Юрый Вячаслававіч Стасевіч. Яго юркі і магутны “Амкадор” можна ўбачыць у любым куточку раёна. Заўсёды з задавальненнем выходзіць у рэйс Аляксандр Віктаравіч Ліннік, вадзіцель трала.
Ды не толькі на вытворчым участку ёсць шмат лю-дзей, для якіх работа, сапраўды, стала сэнсам жыцця. Ёсць такія і сярод спецыялістаў адміністрацыі. У першую чаргу гэта Аксана Васільеўна Заяц і Ганна Аркадзьеўна Навумава. Першая ўзначальвае ПТА, але разам з тым яна ж добра разбіраецца ў бухгалтарскіх справах, выступае нярэдка і ў якасці эканаміста. А вось Ганна Аркадзьеўна – дыспетчар, той цэнтр аператыўнай інфармацыі і акумулятар, ад якога кожную раніцу распачынаецца рух усяго механізма пад назвай ПМС. І няхай гэты працоўны рух працягваецца і далей, нягледзячы на адзінкавыя і штучныя цяжкасці.
На здымках: дырэктар ПМС Яўген Валянцінавіч Скачко; (злева направа) перад адпраўкай на аб’ект экскаватаршчык Петру Чэбан, экскаватаршчык Раман Ільіч Маркоўскі, бульдазерыст Уладзімір Уладзіміравіч Камінскі і экскаватаршчык Максім Фёдаравіч Ермакоў.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *