Тут жыве шчасце

— Вядома ж, працы хапае, — зазначаюць Кацярына і Пётр. – Але яна ў радасць кожнаму члену сям’і. Бо мы ж будуем сваё сямейнае гняздзечка, аб якім даўно марылі.
…Калі б мяне папрасілі ахарактарызаваць гэтую сям’ю некалькімі эпітэтамі, я сказала б — дружныя і згуртаваныя. Смеляковы ўсё робяць разам і дружна. Усе святы адзначаюцца ў сям’і, выхадныя абавязкова праводзяць разам. Нягледзячы на тое, што ў Пятра Віктаравіча, як у галоўнага “здабытчыка”, шмат работы (ён індывідуальны прадпрымальнік), заўсёды знаходзіць час для дзяцей. Яны разам, усёй сям’ёй, “хварэюць” за старэйшую дачку Настассю. Яна спартыўная дзяўчына. Вучыцца ў 10 класе гімназіі і “жыве” валейболам.
— Наша Настасся – творчая асоба, увесь час у пошуку сябе, — гаворыць Кацярына. — Памятаю, у пачатковых класах кожны дзень прыходзіла са школы з новай ідэяй, у які гурток хоча хадзіць. Яна бегала і ў музычную школу, займалася бісерапляценнем, і саломапляценнем… А неяк схадзіла на валейбол і “прапала”. Трэнер Мікалай Мікалаевіч Міхалёў “распаліў” любоў да гэтага віду спорту. Іх каманда выступае на спаборніцтвах рознага ўзроўню.


Напэўна, “спартыўнасць” перайшла Настассі ад маці. Кацярына – спартыўная матуля. Тры разы на тыдзень ходзіць на заняткі па аэробіцы. Наведвае разам з малодшымі дзецьмі басейн. Увогуле, – любіць праводзіць вольны час актыўна і на свежым паветры. Гэтым жа “зараджае” і ўсіх членаў сям’і.
— Імкнёмся, каб дзеці не сядзелі за камп’ютарам, у тэлефонах, планшэтах, — зазначае Кацярына. – Таму прыдумляем ім розныя забавы на свежым паветры: скачкі на батуце, катанне на веласіпедзе, роліках, самакаце… Гэта ж так карысна для здароўя! А яшчэ прывіваем дзецям любоў да кніг, менавіта друкаваных. У нас вялікая сямейная бібліятэка. Малодшым чытаем казкі, вучым разам вершы. Для свайго самаразвіцця таксама чытаю класічную літаратуру, газеты, часопісы.
Дарэчы, сям’я Смеляковых з задавальненнем чытае і раёнку. У сераду і суботу ўсе з нецярпеннем яе чакаюць, каб ведаць “свежыя” навіны Бярэзіншчыны. Любімыя тэмы, бясспрэчна, спартыўнай і школьнай тэматыкі. Тым больш, што ў газеце часта друкуюцца матэрыялы пра поспехі адной з лепшых валейбольных каманд раёна. Магчыма, хутка з’явіцца артыкул і пра поспехі сярэдняй дачкі Аляксандры. Яна трэцякласніца пачатковай школы. Любімы занятак – танцы.
— Шчыра кажучы, напэўна, танцаваць Сашка пачала раней, чым хадзіць, — з усмешкай узгадваюць бацькі. – Затым усё прасіла: запішыце мяне ў танцавальны гурток. Вядома ж, мы толькі рады яе захапленню. Прыемна бачыць, з якім задавальненнем яна бегае на заняткі.
Сапраўды, уся сям’я Смеляковых творча-спартыўная. Двайняты Віктар і Аліса пакуль не вызначыліся са сваімі самымі любімымі заняткамі (малююць, спяваюць, танцуюць…), але бегаюць так, што бацькі ледзь паспяваюць за імі.

— Калі ўрач сказала, што будуць двайняты — спужалася, — зазначае Кацярына. – А муж у нас жартаўнік, калі даведаўся пра двайное шчасце, запытаў, а чаму двое, а не трое ці чацвёра… Ведаеце, не настолькі складана выхоўваць адразу дваіх дзетак, як гэта здаецца на першы погляд. Муж ва ўсім дапамагаў і дапамагае, у нас няма раздзялення на мужчынскую і жаночую работы. Усе робяць, што неабходна для сямейнага шчасця. Дарэчы, Аліса і Віктар па характары зусім розныя. Напрыклад, я нават і не здагадалася б, што яны двайняты. Аліса — жвавая, хуткая, любіць займацца ўсім і адначасова. А Віця — спакойны, ціхі, уседлівы. Але адразу бачна, што яны вельмі дружныя, як адно цэлае, такая маленькая каманда.
— Сакрэт нашага сямейнага шчасця – узаемаразуменне, любоў, павага і давер, — з упэўненасцю падзяліліся рэцэптам Кацярына і Пётр.
… Вялікі дом вялікай сям’і Смеляковых ужо ўтульны і “цёплы”. Бо тут жыве сапраўднае шчасце.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

Тут жыве шчасце: 1 комментарий

  • 10 июня 2018 в 18:27
    Permalink

    Действительно, хорошая семья! Знаю этих людей и было интересно почитать про них

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *