Аб сітуацыі з кармамі ў Бярэзінскім раёне

Па прагнозе сіноптыкаў, на наступную дэкаду на Бярэзіншчыну дождж можа “завітаць” (гэта ж усяго прагноз!) толькі ў наступную сераду, 20 чэрвеня. Такім чынам, наступіўшая засуха прадоўжыцца больш за месяц. І яна ў значнай ступені адмоўна паўплывае як на корманарыхтоўку, так і на развіццё будучага ўраджаю ўвогуле ў раёне.
У пошуках выйсця са становішча і для забеспячэння сытай зімоўкі грамадскага пагалоўя многія гаспадаркі, убраўшы першы ўкос траў, перайшлі да скошвання няўдобіц і пойменных участкаў. Менавіта з такіх участкаў нарыхтоўваюць гэтымі днямі кармы ААТ “Уша”, “Брадзец”, “Месціна”, “Першамайскі”, сельгасфіліялы “Арэшкавічы” і “АграМАЗ”. У сянаж ідзе таксама маса з асобных скошаных участкаў зерневых, якія «згарэлі». На такія меры вымушаны пайсці ААТ “Уша”, сельгасфіліял “Арэшкавічы” і некаторыя іншыя сельгасвытворцы.
Між тым, на тэрыторыі раёна травы першага ўкосу ўбраны з усіх ста працэнтаў плошчаў. На 11 чэрвеня было нарыхтавана 2036 тон сена (37% да плана) і 39125 тон сенажу (30%), з якіх 3846 тон было закручана ў палімерную плёнку ў 4847 рулонаў. На названую дату нарыхтавана па 5,36 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. З пералікам на тоны пакуль што нарыхтавана іх толькі 17 працэнтаў да плана.
Найбольш паспяхова ў забеспячэнні кармамі выглядаюць такія гаспадаркі, як сельгасфіліял “Ома”, дзе нарыхтавана па 10,63 ц к. адз., ААТ “Брадзец” (9,49), ААТ “Месціна” (9,15), ААТ “Бярэзінскі” (7,17). У той жа час ААТ “Уша” і сельгасфіліял “Здравушка-агра” яшчэ не пераадолелі рубеж у 3 цэнтнеры кармавых адзінак, крыху лепшае становішча ў ААТ “Багушэвічы” і “Пагосцкі”.
Сітуацыя ў раёне з кармамі па-ранейшаму застаецца напружанай. Зведзены да мінімуму ўчасткі для падкошвання травы на падкорм жывёле. Пры падтрымцы райсельгасхарчу закуплена дастаткова насення (больш як на 2 тысячы гектараў) люцэрны і траў шматкампанентных паш, якія павінны выратаваць створанае становішча багатым травастоем. Ужо сёння насенне можа легчы ў зямлю на перазалужаных участках. Толькі вось у сухой глебе не дасць яно ўсходаў. Усё, што ў сілах чалавека, робіцца. Нашы спадзяванні сёння толькі на літасць матухны-прыроды.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *