Выстава архіўных фотаздымкаў “Міншчына: учора, сёння і заўтра” працуе ў Бярэзінскай раённай цэнтральнай бібліятэцы

 

  У рамках Года малой радзімы і з нагоды 80-годдзя Мінскай вобласці на базе Бярэзінскай раённай бібліятэкі 5 чэрвеня адкрылася выстава архіўных фотаздымкаў “Міншчына: учора, сёння і заўтра”. Арганізатары яе – галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярэзінскага райвыканкама і Бярэзінская раённая цэнтральная бібліятэка.

 — Выстава перасоўная і на працягу года пабывае ва ўсіх раённых бібліятэках Мінскай вобласці, — распавядае дырэктар Бярэзінскай раённай цэнтральнай бібліятэкі Наталля Мікалаеўна Маеўская. — Да нас яна працавала ў Барысаве і Крупках, а пасля адправіцца ў Чэрвень.

Выстава складаецца з 60-ці архіўных фотаздымкаў розных часоў, самы старэйшы з якіх, чорна-белы, датаваны 1943 годам і паказвае цяжкія часы ваеннага ліхалецця. Шмат фотаздымкаў зроблена ў 50-60 гады, калі ішло хуткае аднаўленне разбураных Вялікай Айчыннай вайной гаспарадак і прадпрыемстваў. Але найбольшая частка фотаэкспанатаў адлюстроўвае росквіт Мінскай вобласці ў мінулыя дваццаць гадоў. Тут можна пабачыць не толькі слаўных міжнародных дзеячаў, напрыклад, Шымон Перас, які пабываў на сваёй радзіме ў Валожынскім раёне, Уга Чавеса, але і славутага акцёра Жэрара Дзепардзье. Прыцягваюць вока наведвальнікаў і здымкі традыцыйных свят і мерапрыемстваў сталічнай вобласці: святы гарадоў, народныя абрады і спартыўныя спаборніцтвы. Бярэзінскі раён на выставе прадстаўлены здымкам з народнага абраду “Цягнуць Каляду на дуба».

— Выстава ўжо карыстаецца папулярнасцю сярод чытачоў нашай бібліятэкі, — зазначае Наталля Мікалаеўна. — Яе з вялікай цікавасцю наведалі члены клуба “Сустрэча”, вучні гарадскіх школ, якія праходзяць аздараўленне ў лагерах з дзённым знаходжаннем. Ёсць і яшчэ некалькі заявак на экскурсіі. Але мы рады будзем бачыць у сябе кожнага жадаючага перагарнуць фотаздымкі аб развіцці і галоўных падзеях 80-гадовай гісторыі сталічнага рэгіёна.

Застаецца толькі нагадаць, што выстава архіўных фотаздымкаў “Міншчына: учора,сёння і заўтра” будзе працаваць да 30 чэрвеня. Таму раім паспяшацца і на свае вочы ўсё пабачыць.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *