У Бярэзінскім раёне прайшла акцыя БРСМ «Падары немаўляці вышыванку»

 

Акцыя прайшла  у  рамках рэспубліканскага маладзёжнага праекта “Беларусь – крыніца натхнення”: у сераду, 27 чэрвеня, у радзільнае аддзяленне Бярэзінскай бальніцы з кветкамі і падарункамі завітаў першы сакратар РК БРСМ Аляксандр Гарошка. 

Ён павіншаваў шчаслівых матуль з  яркай і галоўнай падзеяй у іх  жыцці — нараджэннем дзетак напярэдадні знамянальнай для краіны даты – Дня Незалежнасці, і кожнай з матуль для іх дзетак уручыў майкі-аберагальнікі з нацыянальным каларытам.

Беларускі арнамент – гэта своеасаблівы шыфр, які перадалі нам нашы продкі, ён закліканы ахоўваць і аберагаць нас. Такім чынам, нованароджаныя, апранутыя ў такое адзенне з нацыянальнай сімволікай, будуць знаходзіцца пад надзейнай аховай.

— Няхай у вашых сем’ях з нараджэннем дзетак дабавіцца больш радасці і святла, — гаварыў Аляксандр Гарошка. — Няхай гэтыя вышыванкі аберагаюць іх ад нягод і смутку. Жадаю, каб вашы немаўляткі добра гадаваліся, не хварэлі і радавалі бацькоў сваімі поспехамі ў нашай квітнеючай краіне.

Акцыя БРСМ “Падары немаўляці вышыванку”, у ходзе якой актывісты Саюза моладзі арганізуюць у радзільных дамах урачыстыя ўручэнні сімвалічных аберагальнікаў нованароджаным грамадзянам Рэспублікі Беларусь, стартавала 15 чэрвеня і праходзіць па ўсёй краіне.

На здымку: у час акцыі – Аляксандр Гарошка  віншуе шчаслівых матуль (злева направа) Наталля Леанідаўна Дражнік і Анастасія Анатольеўна Лаўрыновіч.

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *