Як бярэзінцы адпачываюць душой

 

Калі ехаць або ісці па вуліцы Зялёнай у бок ДБУ-31, нельга не заўважыць двухпавярховы дом, у двары якога з ранняй вясны да позняй восені валадарыць прыгажосць. Добраўпарадкаваная прысядзібная тэрыторыя вылучаецца чысцінёй і парадкам. А мноства рознакаляровых кветак і вазонаў, што размясціліся тут на падаконніках, плоце, ганку, у агародзе, радуюць вока, дораць асалоду, здзіўляюць незвычайнымі формамі і кантраснай афарбоўкай, ствараюць добры настрой жыхарам дома, гасцям і прахожым. Але захапляцца пачынаеш значна раней. Яшчэ да таго, як трапляеш у двор. Калі спыняешся насупраць металічных варот з разнымі ўзорамі і стылізаванымі пад даўніну веснічкамі. Калі кідаеш позірк на аздоблены будынак дома, мудрагелістай формы плот і выкладзеныя пнямі, камянямі і пліткай дарожкі. Калі ў кожнай дробязі і дэталі адчуваеш клопат гаспадарскіх рук і цеплыню душы сям’і Санько.

— Засяліліся ў дом каля 8 гадоў таму назад. Зрабілі рамонт у кватэры. А потым узнікла жаданне стварыць прыгажосць і на прылеглай тэрыторыі. Паколькі даўно захаплялася кветкаводствам, то і калекцыя вазонаў на той час была даволі значная. У кватэры ўжо не хапала месца для зялёных насельнікаў. Таму паступова высаджвала некаторыя кветкі на зямельным участку, які раней выконваў функцыю агарода. А з цягам часу месца агароднінных культур занялі кветкавыя расліны, — падзялілася Наталля.
Вялікі аматар кветак і тата Наталлі — Андрэй Андрэевіч Сталярэнка, які з дзяцінства прывіў дачцэ любоў да “жыхароў” расліннага свету. Яго дачны ўчастак у вёсцы Жорнаўка і сёння патанае ў квецені, а створаныя на падворку архітэктурныя формы не пакідаюць раўнадушных.
Дарэчы, творчымі ідэямі для будучых шэдэўраў Андрэй Андрэевіч часцяком зараджаецца на прысядзібным участку Наталлі, крэатыў і фантазія якой не маюць межаў. Ператварэннем яе мар у рэальнасць ужо сталі фантан, альпійская горка, пляцоўка для адпачынку, жывы калідор петуній пад павеццю. Сёлета каля ганка з’явіліся металічныя стойкі з паліцамі для кветак. Хутка шэраг кампазіцый папоўніць і арка. Упрыгожваннем яе стануць падвесныя гаршкі з квітнеючымі петуніямі, відавая разнастайнасць якіх пашыраецца з кожным годам. Радуюць вока і клумбы з лілеямі (больш за 100 відаў), хостамі (больш за 30), асцільбамі (20 відаў), касачамі (больш за 20), ружамі (10 відаў). Кампазіцыі з мнагалетнікаў і адналетнікаў створаны такім чынам, каб з ранняй вясны і да позняй восені каля дома не спынялася красаванне. Дабаўляюць кветнікам “ізюмінак” яркія ліхтарыкі і садовыя фігуркі пеўня, сабакі, гномаў, жаб, вожыкаў, зайцаў. Для пасадкі раслін і аздаблення клумб гаспадары выкарыстоўваюць таксама старыя рэчы сялянскага побыту і самаробныя элементы дэкору з каменю, металу, дрэва, аўтамабільных шын.
— Калекцыяніраваць вазоны пачала пасля замужжа. Хацелася, каб тагачаснае жыллё ў інтэрнаце было ўтульным месцам для кожнага члена сям’і. З цягам часу кветкаводства ператварылася ў хобі, а добраўпарадкаванне тэрыторыі пасля пераезду ва ўласны дом стала сапраўдным адпачынкам для душы. Не праяўляе раўнадушша да майго захаплення і муж Васіль, які падтрымлівае мае творчыя задумкі і шчыра дапамагае іх рэалізаваць. Убаку ад агульнай справы не застаюцца і дзеці — Паліна і Віталь. Цяпер, калі еду на адпачынак, магу не турбавацца: догляд і паліў маіх “гадаванцаў” будуць забяспечаны на высокім узроўні, — з усмешкай зазначыла Наталля.
Алена МУРАЧ. Фота аўтара.

Як бярэзінцы адпачываюць душой: 2 комментария

  • 9 июля 2018 в 15:35
    Permalink

    У красивой женщины все красиво!!!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 8 июля 2018 в 14:02
    Permalink

    Какая красота!!!! Радуюсь, что у нас есть такие таланты!!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *