«Мой тата — мой кумiр!»

Пад такой назвай да Міжнароднага дня бацькі на базе Брадзецкай сельскай бібліятэкі-клуба прайшоў першы рэгіянальны конкурс татаў.

За ганаровы тытул змагаліся бацькі разам з сынамі: Ігар і Захар Кніга, Віталій і Ілья Сакавы, Уладзімір і Іван Назаравы, Віктар і Уладзімір Лацішкі. Каб выбраць сярод іх самага клапатлівага, любячага, працавітага, таленавітага і аўтарытэтнага тату, арганізатары прыдумалі некалькі незвычайных выпрабаванняў, а пачатак ім паклаў конкурс відэапрэзентацый. Наладзілі іх для сваіх бацькоў і самі выступілі ў ролі вядучых сыны. З задачай яны справіліся на “выдатна”, бо здолелі паказаць і расказаць усім пра свае сем’і.
Далей канкурсантаў чакала больш сур’ёзнае заданне. Ад іх патрабавалася з дапамогай канструктара сабраць аўтамат. Пры гэтым улічваліся не толькі хуткасць і якасць, але і ўменне юных канкурсантаў прэзентаваць створаную зброю, расказаць пра яе тактыка-тэхнічныя характарыстыкі. Трэба аддаць належнае татам і сынам: яны ведаюць нават пра калібр аўтаматаў!
Куды больш складаным для канкурсантаў і цікавым для балельшчыкаў стаў конкурс “Начныя прыгоды”. Тут па чарзе таты і сыны выступалі ў ролі вадзіцеля і дыспетчара, які пракладвае першаму маршрут сваімі камандамі. Праўда, выконваць іх даводзілася “вадзіцелю” з завязанымі вачыма. На дзіва ўсім канкурсанты не збілі ніводнага слупка і паказалі ўнікальнае ўзаемаразуменне.


Сучасныя таты сёння — не толькі добрыя выхавальнікі, спраўныя вадзіцелі, але і слаўныя кулінары, якім па сілах не толькі смачна, але і з карысцю для здароўя накарміць сям’ю. Сумненні на гэты конт зніклі ў журы і балельшчыкаў мерапрыемства пасля конкурсу “Здаровае харчаванне – здаровая сям’я”, дзе дэманстраваліся і рэкламаваліся стравы з гародніны, вырашчанай на ўласных прысядзібных участках.
Ды і няма роўных мужчынскім рукам у вырабе пілотак ад спёкі з паперы! Тут кожны з канкурсантаў паказаў сябе майстрам і наладзіў з сынам сапраўдны майстар-клас па вырабе галаўных убораў на любы густ.
Не пазычаць сем’ям натхнення і выдумкі ў вырабе і дэфіле аўтарскіх касцюмаў ад надакучлівых насякомых. Тут у якасці аксесуараў можна было пабачыць самыя розныя хатнія прылады і нават штучныя кветкі.
Хутка прайшлі ўсе конкурсныя выпрабаванні і перад журы на чале з рэжысёрам раённага цэнтра культуры Аляксеем Бабашавым паўстала пытанне, каго назваць лепшым. Гэта аказалася няпроста зрабіць нават шляхам падлічэння балаў. Аднадушным рашэннем журы дыпломы ўдзельнікаў рэгіянальнага конкурсу “Мой тата – мой кумір” атрымалі ўсе канкурсанты.
— Конкурс на тое і конкурс, каб назваць самага-самага, — адзначаў у завяршальным слове Аляксей Бабашаў, — і мы вымушаны аб’явіць уладальніка прэстыжнага рэгіянальнага тытулу “Мой тата – мой кумір”. Яны ўсяго на некалькі балаў абышлі астатніх канкурсантаў.
Такімі шчасліўшчыкамі аказаліся Віктар Лацішка з сынам Уладзімірам. Мужчына ў поўнай меры адпавядае новаму тытулу, бо з’яўляецца любімым татам шасцярых дзяцей – Юліі, Дар’і, Уладзіміра, Аляксандры, Ганны і Данілы. Мацуецца яго бацькоўскі аўтарытэт і павага сярод дзяцей добрымі справамі. Тут звычайна сумесна ўпраўляюцца з хатняй работай, старэйшыя дзеці аказваюць пасільную дапамогу бацькам на малочнатаварнай ферме “Месціна” аднайменнай гаспадаркі. Тут Віктар працуе разам з жонкай Надзеяй. У традыцыях гэтай шматдзетнай сям’і шчыра радавацца поспехам сваіх дзяцей, якія разам з татам і матуляй наведваюць клуб “Званочкі” Сялібскага сельскага клуба-бібліятэкі.
Сям’я Лацішка і сапраўды жыве пад шчаслівай зоркай. Дамоў яны з конкурсу вярнуліся не толькі з падарункамі пераможцы, але і сертыфікатам на стрыжку. Яго ў ходзе розыгрышу сярод падпісчыкаў нашай газеты выйграла Надзея Лацішка, а выцягнуў запаветны квіток і выбраў падарунак сын Уладзімір.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *