Выязныя пасяджэнні каардынацыйнага савета па дэмаграфічнай бяспецы працягваюцца ў Бярэзінскім раёне

 

Выязныя пасяджэнні каардынацыйнага савета па дэмаграфічнай бяспецы працягваюцца. На гэты раз намеснік галоўнага ўрача Бярэзінскай ЦРБ Ганна Мар’янаўна Усовіч, урач-псіхіятр-нарколаг Вольга Дзмітрыеўна Жукоўская, урач-псіхатэрапеўт Яўгенія Аляксандраўна Завадская і медыцынскія работнікі Пагосцкай участковай бальніцы сустрэліся з жыхарамі аграгарадка Любушаны.

На пачатку пасяджэння памерылі ўсім жадаючым артэрыяльны ціск, далі рэкамендацыі па яго нармалізацыі. Настойліва раілі пастаянна сачыць за ціскам.

— Дэмаграфічная сітуацыя складаная па ўсёй краіне, — зазначыла падчас пасяджэння Г.М. Усовіч. — Што датычыцца нашага раёна, то за першае паўгоддзе гэтага года памерла 210 чалавек. На першым месцы сярод прычын смяротнасці – хваробы сістэмы кровазвароту. Амаль усе памерлыя ад гэтай хваробы нідзе не працавалі, злоўжывалі алкагольнымі напоямі, не прыслухоўваліся да рэкамендацый урачоў (не кантралявалі артэрыяльны ціск, не прымалі медыкаменты). Таму хацелася б, каб людзі больш адказна адносіліся да сябе, свайго здароўя: прыходзілі на медыцынскія агляды, і калі ўрач назначае прэпараты, то абавязкова іх прымалі вызначаны тэрмін. У нас у паліклініцы працуе вопытны ўрач-кардыёлаг. Можна зрабіць эхакардыяграфію, электракардыяграфію, холтэрскае манітарыраванне, велааргаметрыю. Усе ўмовы, абсталяванне для таго, каб вызначыць захворванне, назначыць правільнае лячэнне, ёсць. Галоўнае, каб людзі своечасова звярталіся за дапамогай. Бо, пагадзіцеся, наша здароўе залежыць ад нас саміх.

На другім месцы сярод прычын смяротнасці – анкалагічныя захворванні. У бальніцы ёсць неабходнае абсталяванне для выяўлення новаўтварэнняў: робім ультрагукавое даследаванне брушной поласці, фібрагастраскапію, коланаскапію… У ЦРБ сучасныя, новыя (закупленыя 3 гады таму) рэнтген-апараты.

На жаль, шмат людзей памірае ад знешніх прычын: суіцыды, атручванне алкаголем, гібель на пажарах, у ДТЗ і іншае. Дзіўна, але ад знешніх прычын паміраюць часцей за ўсё мужчыны: іх памерла 13 і 1 жанчына.

Пасля загадчык Пагосцкай участковай бальніцы Юрый Георгіевіч Курач больш падрабязней расказаў аб дэмаграфічнай сітуацыі ў зоне абслугоўвання гэтай бальніцы. За першае паўгоддзе памерла 40 чалавек, 5 — у працаздольным узросце. Прычыны такія ж, як і па раёне ў цэлым.

Многія думаюць, што дэпрэсія не хвароба, а штосьці прыдумана слабахарактарнымі людзьмі. Але гэта далёка не так. Аб гэтым гаварыла ўрач-псіхатэрапеўт Я.А. Завадская.

— Ёсць простыя метады выйсці з дэпрэсіі, супакоіцца, нармалізаваць сон. І для гэтага не абавязкова прымаць прэпараты. Правільнае дыханне, умераная фізічная нагрузка, свежае паветра — і вы зноў спакойна спіце, прачынаецеся з пазітыўнымі думкамі, бадзёрымі. Галоўнае — не бойцеся звяртацца за дапамогай, не адкладвайце “на пасля”, не замыкайцеся ў сабе. Прыходзьце да нас на прыём, з любой сітуацыі знойдзем выхад.

Патрэбна імкнуцца выйсці годна са складаных жыццёвых сітуацыі, а не “заліваць” іх “чарнілам”, гарэлкай…

— У нас на дыспансерным уліку стаяць 565 чалавек, большасць – людзі з сельскай мясцовасці, — гаварыла ўрач-псіхіятр-нарколаг В.Д. Жукоўская. – Вядзецца вялікая работа па прафілактыцы ўжывання алкагольных напояў. Усе ведаюць, як пагубна дзейнічае алкаголь на нервовую, мочапалавую сістэмы, увогуле, на ўвесь арганізм. Ведаюць, але працягваюць піць, сцвярджаюць, што яны не алкаголікі, выпіваюць крыху для настрою, і ад чаркі-другой нічога не будзе. Складана пераканаць такіх людзей. Кожны сам павінен зрабіць выбар: злоўжываць алкагольнымі напоямі, а затым змагацца з хваробамі, быць інвалідам, ці быць шчаслівым, здаровым, чалавекам, знайсці сабе захапленне (спорт, кніжкі).

Затым прысутныя паглядзелі інфармацыйны фільм “Свет в конце тоннеля”, заснаваны на рэальных падзеях. Фільм складаны, жудасны, але праўдзівы. Пра тое, да чаго вядзе кілішак-другі гарэлкі: лаянкі, злачынствы, сямейныя скандалы, немаўляты з інваліднасцю… Але галоўнае — захацець вярнуцца да цвярозага ладу жыцця, і спецыялісты дапамогуць справіцца з залежнасцю.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

Выязныя пасяджэнні каардынацыйнага савета па дэмаграфічнай бяспецы працягваюцца ў Бярэзінскім раёне: 1 комментарий

  • 9 июля 2018 в 15:34
    Permalink

    Красивые у нас врачи!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *