“А мы и не скрываем, что из деревни родом”

З гэтай задушэўнай песні ў выкананні ансамбля “Рэчанька” Косаўскага сельскага Дома культуры пачалося свята вёскі Васілеўшчына. Яна па-свойму прыгожая і ўтульная ў любы час. Маляўнічая прырода, непаўторны вясковы каларыт, невялікія жылыя дамы і падворкі, добрыя і гасцінныя жыхары робяць яе ўнікальнай малой радзімай.

На жаль, дакладных звестак пра гісторыю вёскі Васілеўшчына захавалася няшмат. З кнігі “Памяць” Бярэзінскага раёна вядома, што ў 1917 годзе Васілеўшчына ўваходзіла ў склад Пагосцкай воласці, налічвала 52 жыхары з 19 двароў. У 1929 годзе тут быў заснаваны калгас “Молат”. Амаль праз 60 гадоў вёска становіцца цэнтральнай сядзібай падсобнай гаспадаркі РУП “БелаўтаМАЗ”. На 1 студзеня 2018 года Васілеўшчына налічвала 175 жыхароў, з якіх 23 пенсіянеры, 118 працаздольных і 34 – дзеці. Такія лічбы красамоўней любых слоў пераконваюць у тым, што адна з самых аддаленых вёсак, насуперак усяму, маладзее, а надзею на яе далейшы шчаслівы росквіт дае нядаўні ўваход у склад СУП “АграМАЗ”.
Скупыя звесткі пра гісторыю вёскі ніяк не сведчаць, што яе жыхары не пакінулі аб сабе добры след на гэтай зямлі. Тая ж кніга “Памяць” утрымлівае звесткі, што частка вяскоўцаў была рэпрэсіравана ў 30–ыя гады мінулага стагоддзя. Сярод тых, хто зведаў увесь цяжар рэпрэсій, Вікенцій Гіляравіч Антаневіч, Антон Мечыслававіч Міхневіч, Ігнат Іосіфавіч Сакалоўскі, Антон Сцяпанавіч Цвырко і Адам Іосіфавіч Шпілеўскі. Шэраг з іх былі рэабілітаваны ў 90-ыя гады.
12 лютага 1943 года Сцяпан Цімафеевіч Крыварот наладзіў дыверсіі каля вёскі на шашы Мінск-Магілёў. Так быў узарваны 25- метровы мост, знішчаны дзоты і акопы, у якіх несла варту ахова ворага. Рух фашыстаў аказаўся паралізаваным на працягу двух сутак у раёне вёсак Васілеўшчына і Пагост. Але не толькі гэты мясцовы жыхар набліжаў доўгачаканую перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Навечна ўпісаны ў слаўную баявую гісторыю вёскі імёны Аркадзія Ігнатавіча Міхневіча, Антона Антонавіча Умецкага (яны прапалі без вестак), Франца Іосіфавіча Шпілеўскага, які загінуў 5 ліпеня 1941 года. Памяць аб іх мужнасці і подзвігу беражліва захоўваецца ў кожным доме і перадаецца ў спадчыну нашчадкам. Добра памятаюць вяскоўцы і дату 1 ліпеня 1944 года. У гэты дзень Васілеўшчына была вызвалена ад фашыстаў.
Нялёгка давялося мясцовым жыхарам і пасля вайны. Тыя нягоды ніколі не забудзе самая старэйшая з вяскоўцаў — Галіна Сцяпанаўна Шык. 22 кастрычніка яна будзе адзначаць 78-ы па ліку дзень нараджэння. Яе шчыра віталі на свяце, зычылі доўгіх гадоў жыцця і здароўя.
Ушаноўвалі на свяце і тых, хто сёння сваёй стараннай працай мацуе будучыню вёскі. Гэта Міхаіл Міхайлавіч Юрэвіч. У мясцовай гаспадарцы ён слыве вопытным хлебаробам, без якога не абыходзіцца ніводная гарачая кампанія ў полі, і сярод вяскоўцаў у пашане, бо з’яўляецца аўтарытэтным старастам вёскі.
Не забыліся арганізатары мерапрыемства адзначыць і тых, каму толькі належыць упісаць свой яркі радок у гісторыю вёскі. Размова ідзе пра дзяцей, якія ў мінулым навучальным годзе дасягнулі нядрэнных поспехаў у вучобе. Гэта Ангеліна Бурая, Дзіяна Смоляр, Паліна Кішкілевіч.
Дзеці і сапраўды — вясковае багацце, бо ў іх руках з цягам часу апынецца малая радзіма. Цёпла віталі вяскоўцы сям’ю Леаніда Анатольевіча і Надзеі Уладзіміраўны Шык. Нядаўна ў іх нарадзілася дачушка Таццяна. Яна самая маленькая вясковая жыхарка. Гадаваць яе шчаслівым бацькам дапамогуць трое іх старэйшых дзяцей.
З чаго пачынаецца любоў да Радзімы? Кожны з нас адкажа на гэта пытанне па-свойму. Але хутчэй за ўсё большасць адказаў будзе тычыцца парадку, утульнасці і прыгажосці на ўласным падворку. Шчыра перакананы ў гэтым Аляксандр Пятровіч Тарасенка. Яго сядзіба па вуліцы Аўтазаводскай прызнана вяскоўцамі і мясцовымі жыхарамі самай прыгожай і дагледжанай у Васілеўшчыне.
У спадчыну дзецям бацькі перададуць не толькі любоў і клопат пра родны куточак, свае карані, слаўную гісторыю, але і сакрэты сямейнага шчасця. Іх даўно ведае і не ўтойвае сям’я Івана Анісімавіча і Марыі Мацвееўны Собаль. 47 гадоў яны крочаць па жыцці разам і за гэты час не страцілі цеплыню і шчырасць пачуццяў адзін да аднаго. Мясцовыя жыхары ганарацца гэтай парай і адзначаюць, што Іван Анісімавіч узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Знак Пашаны і дагэтуль працягвае рупіцца ў мясцовай гаспадарцы. Сілы кахаць і захоўваць вернасць юнацкім трапяткім пачуццям яму дае родная зямля і нястомная праца на ёй. І, вядома, добрая песня, падобная на спевы жаўрука, якая прагоніць любыя нягоды і дасць надзею на лепшае. Таму і завяршылася свята вёскі Васілеўшчына канцэртам выканаўцаў Пагосцкага і Косаўскага сельскіх Дамоў культуры, чыстыя галасы і матывы якіх абуджалі ўсё навокал і выклікалі шквал апладысментаў.
Усё гэта прымушае работнікаў Пагосцкага сельскага Дома культуры ўстанавіць новую слаўную традыцыю — штогод наладжваць свята вёскі. За гэта вяскоўцы прагаласавалі аднадушна ўзнятым настроем і шчырымі ўсмешкамі.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота з архіва Пагосцкага сельскага Дома культуры.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *