Прайшло чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх Бярэзінскага райвыканкама

 Чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама выдалася надзвычай напружаным. За 3 гадзіны разгледзелі і паводзіны гора-­бацькоў, якія забыліся пра тое, што неабходна выхоўваць дзетак, і падлеткаў, якія рана адчулі сябе дарослымі і пайшлі супраць закону.

Члены камісіі разгледзелі пратаколы аб адміністра­цыйных правапарушэннях: дробнае хуліганства, распіццё спіртных напояў… Сваволяць дзеці, усміхаюцца на пасяджэннях, вядуць сябе нахабна, бадзёра, а адказваюць, чырванеюць, плацяць штраф бацькі. Здаецца, падлеткам нават не сорамна за такія паводзіны… Што іх чакае ў будучыні?!

Бясспрэчна, найбольш хвалюючымі на пасяджэннях з’яўляюцца пытанні рэалізацыі планаў па абароне правоў і інтарэсаў дзяцей, якім адпаведна з Дэкрэтам № 18 патрабавалася дзяржаў­ная абарона, і яны былі часова (ці не?) змешчаны ў прытулак. За перыяд знаходжання непаўналетніх у дзяржаўнай установе спецыялісты розных службаў прыкладваюць шмат намаганняў, каб змяніць сітуацыю ў лепшы бок. Апошняе слова за бацькамі. Што зрабілі яны, каб вярнуць дзяцей пад дах роднага дому? І наогул, ці хочуць яны вярнуць сваіх сыноў і дачушак?

18 красавіка гэтага года адразу з дзвюх сем’яў – Аралкіных і Хурсевічаў ­ забралі дзетак. Прычына традыцыйная – злоўжыванне алкагольнымі напоямі. Здаецца, бацькі, “страціўшы” самае дарагое ў сваім жыцці, павінны былі адразу адумацца, прыкласці ўсе намаганні, каб справіцца з жыццёвымі цяжкасцямі, вярнуцца да нармальнага ладу жыцця. На жаль, Алёна і Дзмітрый Хурсевічы нічога не зрабілі для таго, каб выхоўваць сваіх “кветак жыцця”. Працягваюць далей правіць баль, радавацца жыццю, пакуль іх крывіначак выхоўваюць чужыя людзі. Аднак шанц павінен быць у кожнага, хто спатыкнуўся. У гэтай сям’і яшчэ ёсць 3 месяцы, каб адумацца, выправіць сітуацыю, узгадаць, што яны бацькі… Іначай будуць пазбаўлены бацькоўскіх правоў.

Іншая сітуацыя ў сям’і Наталлі і Генадзія Аралкіных. Яны знайшлі ў сабе сілы і вялікае жаданне змяніць лад жыцця, каб вярнуць сыночка. У доме наведзены парадак, санітарна-­бытавыя ўмовы адпавядаюць нормам, набыты пасцельная бялізна, ложак, цацкі, дзіцячае харчаванне… А самае галоўнае ­ бацькі зразумелі, што гэта іх апошні шанц, што далей ­ мяжа, за якой зваротнай дарогі няма. Яны пастаянна наведваюць сына, па месцы работы характарызуюцца як адказныя працаўнікі, не маюць прагулаў. Няма пытанняў да іх і ў іншых службаў.

Члены камісіі пахвалілі гэтую сям’ю, ставілі ў прыклад іншым: “Малайцы, што адразу адумаліся, імкнецеся зрабіць усё, каб ваша сям’я аб’ядналася. Калі і далей працягнеце дзейнічаць у такім напрамку, то праз месяц ваш сын будзе з вамі!”

На пасяджэнне зайшоў з геройскім выглядам мужчына з вёскі Жорнаўка. Яго дачка выхоўваецца пакуль у апякунскай сям’і. Мужчына сцвярджае, што ўсе недахопы выпраўлены, аднак даверу ў членаў камісіі не выклікае. І як можна праверыць, ці выпраўлены недахопы ў гэтай сям’і, калі яны амаль ніколі не адчыняюць дзверы членам рэйдавых груп.

— Значыць, нас не бывае дома, ­ — выкрыквае мужчына.

Вырашана пакуль што прадоўжыць работу з бацькамі і назіранне за імі. Калі і далей “не будзе дома”, застануцца без дачкі.

На камісію выклікалі маладую маці з Капланцаў. Яна не клапоціцца пра дабрабыт сваёй маленькай дачушкі Міланы, “прыкладаецца” да чаркі. З­-за гэтага сям’я знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

— Я зараз не п’ю. Больш такога не будзе, не забірайце ў мяне дачушку, я без яе не змагу, ­ — просіць жанчына.

Члены камісіі даюць ёй шанс. Усе ж маюць права на памылкі, галоўнае, не паўтараць іх.

Так, члены камісіі і розныя службы падтрымаюць сем’і, што “праваліліся” ў цемру, акажуць дапамогу. Галоўнае, каб у саміх бацькоў было жаданне выправіць становішча і “не прапіваць” сваіх дзетак. І паказваць станоўчы прыклад, каб затым дзеці не паўтаралі памылак бацькоў.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *