Без шкоды для прыроды і ўласнай кішэні

З 27 ліпеня па 20 жніўня ў раёне праходзіць інфармацыйная акцыя “Адпачынак без шкоды прыродзе”. Яе мэтамі з’яўляюцца папулярызацыя беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя, папярэджанне парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства і фактаў нанясення шкоды жывёльнаму і расліннаму свету падчас наведання месцаў і зон адпачынку на водных аб’ектах, асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый, а таксама – ажыццяўлення аматарскага рыбалоўства.
У ходзе рэйдавых мерапрыемстваў супрацоўнікі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя правераць своечасовасць вывазу смецця з кантэйнерных пляцовак, размешчаных у месцах адпачынку, выкананне грамадзянамі прыродаахоўнага заканадаўства, дзе катэгарычна забаронена выкідваць смецце ў недазволеных месцах і ствараць стыхійныя звалкі, а таксама паркаваць транспартныя сродкі менш чым за 30 метраў ад вады. Парушальнікі будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці з накладаннем штрафу да 20 базавых велічынь. Таму, каб нішто не азмрочыла ваш прыемны адпачынак ад гарадской мітусні на ўлонні прыроды, загадзя падумайце пра наступствы сваіх учынкаў.

Алена МУРАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *