У Бярэзінскім раёне павіншавалі з “тысячай” чарговага пераможцу

 

 

Не паспеў дайсці да чытачоў нумар нашай газеты, дзе паведамлялася аб першым у раёне тысячніку на жніве, як мы зноў адправіліся ў ААТ “Багушэвічы” віншаваць з “тысячай” чарговага пераможцу. Ім на гэты раз аказаўся вадзіцель Аляксандр Іванавіч Крук, аўтамабіль якога, у пары з МАЗам Л.А. Антаневіча, з ранку і да позняга вечара курсіруе паміж палеткамі і зернятокам.

Працоўны поспех магчымы ў тым выпадку, калі машына ў руках сапраўднага прафесіянала, спраўная і дагледжаная. Гэта падкрэсліваў падчас віншавання і ўручэння А.І. Круку ўзнагароды ад раённага выканаўчага камітэта першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні А.М. Шыфрын. Аляксандр Мікалаевіч падзякаваў вадзіцелю за старанную працу, адзначыўшы ўжо другую на сёлетнім жніве перамогу ААТ “Багушэвічы”.
Як заўсёды, не з пустымі рукамі прыехала да вадзіцеля-перадавіка старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК В.А. Козел, яна таксама ўручыла падарунак і выказала цёплыя словы падзякі. Дарэчы аказаўся і музычны падарунак ад М.А. Папругі, які яшчэ больш узнімаў добры настрой.

З такім настроем адразу за працу, за руль — і на жніўнае поле. Тут якраз падаспеў час абеду, і ўдзельнікаў жніва чакалі першае, другое і трэцяе, да таго ж — за сталом. Раскладны стол і стулы прывозяць на поле разам з абедамі. Праўда, расседжвацца за ім доўга няма часу, але нават у такія кароткія хвіліны адпачынку ёсць магчымасць абмеркаваць штосьці важнае, да таго ж, кожны можа падзяліцца сваім багатым вопытам работы. Камбайнер Мікалай Аляксандравіч Емяльяненка, да прыкладу, 28-ы сезон працуе на жніве. Сёлета, як і кожны год, разам з памочнікам Аляксандрам Сяргеевічам Клімашонкам яны ў ліку перадавых экіпажаў сельгасарганізацыі. Ды і ўсе ўдзельнікі жніва стараюцца ўхапіць пагодныя хвіліны, каб як мага хутка ўбраць ураджай.
Ала АЛЬФЕР.                                                                                                                                                                                                                                                                                                                   Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *