Галоўны экзамен бярэзінскіх земляробаў

 

Паступова ўборачныя работы ў гаспадарках раёна ідуць да свайго завяршэння, і ўжо на наступным тыдні большасць з іх адрапартуе аб фінішы жніва. Сярод іх, без сумнення, будзе і ААТ “Брадзец” – адзін з сёлетніх лідараў кампаніі як па тэмпах яе правядзення, так і па ўраджайнасці. У сераду, калі мы наведалі сельгаспрадпрыемства, тут з 1207 гектараў было ўжо ўбрана 1093. У сярэднім на круг тут атрымалі па 23,4 цэнтнера з гектара. Найбольш умалотным аказаўся авёс, які даў больш як па 35 цэнтнераў на круг. Сапраўды, па сёлетняму неспрыяльнаму году вынікі атрыманы някепскія.

— Наколькі памятаю, — дзеліцца з намі дырэктар ААТ “Брадзец” Аляксандр Мікалаевіч Крук, — мінулагодняя ўраджайнасць у нас была 24,7 цэнтнера з гектара. Такім чынам, мы не горш працуем сёлета. Галоўнымі фактарамі добрай работы лічу, перш за ўсё, зладжанасць і працавітасць усяго калектыву – ад механізатараў да спецыялістаў усіх узроўняў. Менавіта дзякуючы гэтаму падрыхтоўчыя і пасяўныя работы мы правялі ў сціслыя і аптымальныя тэрміны пры строгім захаванні агратэхнічных норм. І хоць мінеральных угнаенняў было ўнесена крыху менш і ўмовы надвор’я з самай ранняй вясны не спрыялі атрыманню вялікага намалоту, нам удалося вырасціць нядрэнны ўраджай.
Дырэктар на сваім вопыце паспеў пераканацца, што больш выгадна сеяць азімыя культуры, таму з году ў год усё больш аддае ім перавагу. Вось і ў наступным годзе яны “прырастуць” яшчэ прыкладна на 300 гектараў. Азімыя ж не так баяцца засухі і з ранняй вясны добра набіраюць сілы і ідуць у рост. А гэта гарантуе і больш высокую іх ураджайнасць, і лепшую ўстойлівасць да капрызаў надвор’я.
Жніво ў сельгаспрадпрыемстве пачыналі з рапсу, якога было пасеяна 240 гектараў. На жаль, высокай ураджайнасці ён не даў. Але атрыманыя за яго здачу на насенне грошы, як і сродкі за прададзенае насенне свірэпіцы, аказаліся добрай падтрымкай пры набыцці напярэдадні асноўных жніўных работ паліва і дапамаглі справіцца з заканчэннем рамонту камбайнаў. А іх тут зараз шэсць, усе маркі КЗС-1218, адзін з якіх літаральна з канвеера адразу ўступіў у работу: яго набылі гэтым летам па лізінгу.
Пры фарміраванні камбайнавых экіпажаў асаблівых складанасцей не ўзнікала – за штурвалы селі правераныя ўжо не адным жнівом механізатары. Лідарамі спаборніцтва сёлета з’яўляюцца экіпажы ў саставе Генадзя Мікалаевіча Анцыпава і Мікалая Міхайлавіча Бондара, а таксама Віталя Мікалаевіча Аўсянскага і Анатоля Сцяпанавіча Ізніка. Менавіта яны задаюць тэмп спаборніцтву і ідуць па паказчыках амаль на роўных.


— На рахунку нашага экіпажа 520 тон намалоту, з улікам рапсу, — расказвае Г.М. Анцыпаў. – Зразумела, стаць тысячнікамі пры сёлетняй ураджанасці нерэальна, але ад гэтага стараннасці і адказнасці ў нас менш не становіцца. Са сваім напарнікам на жніве працую першы год, думаю, што для яго, работніка фермы, гэта добрая школа. Што датычыць мяне, то гэта ўжо чацвёрты сезон. А так я займаюся ўзорваннем і сяўбой на трактары МТЗ-3022. Вось і атрымліваецца, што на мне ўвесь цыкл работ — ад сяўбы да ўборкі.
На адвозцы збожжа заняты тры МАЗы, якімі кіруюць вопытныя вадзіцелі Мікалай Аляксандравіч Собаль, Аляксандр Сяргеевіч Тарасёнак, з больш маладога пакалення гэта Ілья Анатольевіч Ізнік. І менавіта ён з’яўляецца яшчэ адным лідарам жніва, прычым у маштабе раёна, бо трапіў у разрад вадзіцеляў-тысячнікаў.
Працуюць на КЗС чатыры чалавекі – аператары Аляксей Юнец і Сяргей Заяц, а таксама памочнікі аператараў Уладзіслаў Казюка (ён жа галоўны энергетык гаспадаркі) і Яўген Гарошка. На прылягаючай тэрыторыі каля зернесушылкі – парадак, агрэгат працуе кругласутачна, для кантролю за яго работай у начны час наладжаны дзяжурствы спецыялістаў. Тут жа завіхаюцца і старшакласнікі-школьнікі. Спачатку яны ўваходзілі ў састаў сельскагаспадарчага студатрада, а калі час яго дзейнасці (10 дзён) завяршыўся, яны выказалі жаданне папрацаваць яшчэ, на што кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства дало сваю згоду.
На толькі што вызваленых ад збажыны палях працуюць прэс-падборшчыкі, якія цюкуюць рэшткі саломы. Затым іх вывозяць на захоўванне, а на ніву выязджае магутны МТЗ-3522 пад кіраўніцтвам Аляксандра Аляксандравіча Собаля, які робіць зачын жниву наступнага года. Дарэчы, А.А. Собаль – адзін са старэйшых трактарыстаў, працуе тут з 1980 года. Як узгадвае сам, пачынаў на юркім МТЗ-50, а першы раз на жніве шчыраваў яшчэ на СК-5 “Ніва”. Шмат чаго памянялася за гэты час. Вось і сёння ён за рулём новенькага волата, які гаспадарка таксама набыла сёлета па лізінгу разам з плугамі.


Хапае і іншых работ гэтымі днямі аграрыям. Шмат іх сёння на палях. Іншы раз нават даводзіцца на працягу дня мяняць навясныя агрэгаты на трактары, каб механізатар мог і з касілкай папрацаваць, і з граблямі, і на прычэпе груз даставіць. Ды і з заканчэннем жніва напал работ не заціхне. Акрамя падрыхтоўкі глебы і ўзорвання пад азімую сяўбу, трэба будзе паклапаціцца аб упарадкаванні кукурузы, якая стане добрым дадаткам да нарыхтаваных травяністых кармоў. Зараз, з траў другога ўкосу, у сельгаставарыстве часткова нарыхтоўваецца сена, большая частка іх ідзе на зялёную падкормку жывёлы – за дзень выкошваецца да 20 гектараў.
Пакуль што ў “Брадцы” нарыхтавана па 15 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Убраная кукуруза (350 гектараў на зялёны корм і 30 гектараў на зерне) дазволіць падвоіць гэты ўзровень і адчуваць сябе даволі паспяхова на працягу ўсёй будучай зімоўкі. Ёсць у А.М. Крука і думкі наконт таго, як палепшыць кармавую базу зімоўкі 2020-га года, упор на якія травы і сумесі рабіць, каб не страчваць далейшае нарошчванне тэмпаў вытворчасці жывёлагадоўчай галіны.
Сапраўды, работ і клопатаў у сельскай гаспадарцы заўсёды шмат. І заўсёды галоўным экзаменам для працаўнікоў гэтай галіны было і застаецца жніво. І, здаецца, яго ў ААТ “Брадзец” здаюць паспяхова.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *