Дружныя, таму і шчаслівыя

“Стаж” сямейнага жыцця сям’і Іўчык з Беразіно 17 гадоў. А галоўны сакрэт-рэцэпт сямейнага шчасця – быць адным цэлым, дружнымі і працавітымі. Жонка Марыя, муж Дзмітрый, старэйшая дачушка Таісія, сярэдняя — Станіслава і самы малодшы сыночак Ян усё імкнуцца рабіць разам – разам адпачываюць, працуюць над уладкаваннем сямейнага гняздзечка, прадумваюць яго дызайн, катаюцца на веласіпедах, самакатах, роліках, разам падарожнічаюць… 

— А як жа іначай, — пачынаюць гутарку Дзмітрый і Марыя. — На наш погляд, сапраўдная сям’я — гэта калі кожны імкнецца пачуць, выслухаць іншага, знайсці кампраміс падчас спрэчак. Самае асноўнае – дапамагаць адзін аднаму і, што б ні здарылася, старацца зразумець сваю другую палавінку, дзяцей.
…Яны пазнаёміліся, здаецца, выпадкова – у кіно. Як з усмешкай гавораць Марыя і Дзмітрый, у іх каханне — з першага погляду. Сустракаліся зусім няшмат: абмяняліся заручальнымі пярсцёнкамі — і сталі сям’ёй. Хутка нарадзілася і прыгажуня Таісія.
— Доўга, каля двух месяцаў, не маглі прыдумаць ёй імя, — згадвае Марыя. – На ўльтрагукавым даследаванні паказвала: будзе хлопчык. Мы і чакалі хлопчыка! А тут – прыемны сюрпрыз. Шчыра кажучы, было шмат спрэчак, як назваць дачушку. Сышліся на не зусім звычайным, мілагучным імені – Таісія, тым больш, так звалі бабулю мужа.
Сёння дзяўчына ўжо перайшла ў 10 клас другой гарадской школы. Яна з задавальненнем дапамагае бацькам гадаваць сястрычку і браціка. Яну чытае казкі, гуляе з ім у даганялкі, бегае, скача, а Станіславу рыхтуе да школы – вывучылі літары, лічбы, навучыліся чытаць…
Дарэчы, Таісія марыць стаць дызайнерам. Тым больш, што ў школе ў яе атрымліваюцца “на выдатна” матэматыка, чарчэнне, фізіка…
А Станіслава марыць стаць… архітэктарам. Дзяўчынка толькі пойдзе ў першы клас. А ўжо бегла чытае казкі, лічыць, рашае прыклады, любіць танцаваць і ляпіць… І бегаць на вуліцы, гуляць з сябрамі, а не “завісаць” у смартфоне, камп’ютары. Балазе, вечарамі ў двары Іўчыкаў збіраецца шмат дзетвары, чалавек 10: гуляюць, катаюцца на веласіпедах, роліках, самакатах. Дзіўна, але ніхто нават не думае пра віртуальныя гульні.
— Не, мы не забараняем дзецям карыстацца тэлефонам, камп’ютарам, — зазначаюць Дзмітрый і Марыя. – Але ўсё ў меру. Ведаеце, ніколі не караем дзяцей рэменем. У нас дзейнічае адно простае, але эфектыўнае правіла, не робім заўвагі па некалькі разоў, не крычым. Сказалі, што хопіць “сядзець” у тэлефоне, значыць – дзеці павінны адкласці яго, пайсці на вуліцу. І, ведаеце, дзейнічае. Галоўнае, на наш погляд, гутарыць з дзецьмі, тлумачыць, як можна рабіць, як нельга, паказваць уласныя станоўчыя прыклады, калі забараняць штосьці, то грунтоўна тлумачыць, чаму. І як мага больш часу праводзіць разам, займацца іх выхаваннем.
І, сапраўды, дзеткі ў сям’і Іўчыкаў – паслухмяныя, адказныя і ўважлівыя. Нават шустры Ян, які толькі збіраецца ў садок, рэдка “хныкае”, дэманструючы свае капрызы. А з задавальненнем “лятае” за матылькамі, даганяе іх, гуляе з сябрамі, гушкаецца на арэлях. Зараз яму асабліва падабаецца забаўляцца на арэлях, бегаць каля яркіх альтанак, што каля возера па вуліцы Перамогі горада.
— Нам усім даспадобы зона адпачынку каля гэтага возера, — зазначаюць Іўчыкі. – Прыемна, што паставілі новыя арэлі, пафарбавалі альтанкі. Мы амаль кожны дзень прыходзім туды. Увогуле, любім гуляць па горадзе: пасядзець у скверыках, зазірнуць у “Лазурны”, адпачыць на рэчцы. Часта смажым смачненькія шашлыкі каля дома. Зразумела, не толькі разам адпачываем, але і працуем. З задавальненнем упрыгожваем наш дом, куды пераехалі не так даўно. Доўгі час жылі на здымных кватэрах, таму свой дом – велізарнае шчасце, хочацца зрабіць яго самым цёплым і ўтульным гняздзечкам.
Дарэчы, дом пабудаваў сам Дзмітрый, як кажуць, майстар на ўсе рукі. Вядома ж, дапамагалі ўсёй сям’ёй, прыдумвалі, што як зрабіць, і што куды паставіць. Займацца дызайнам дома – іх захапленне.
Ёсць у Іўчыкаў яшчэ адно хобі, якое іх аб’ядноўвае – падарожжы. Любяць вандраваць і па Бярэзіншчыне, і за межамі раёна. Вандроўкамі ўсіх захапіў Дзмітрый. Ён працуе вадзіцелем, “калясіць” па ўсёй Беларусі. Любяць ездзіць з ім і дзеці, і жонка.
— Весела і карысна, — зазначаюць Іўчыкі. — Пабывалі ўжо ў многіх гарадах Беларусі, пазнаёміліся з іх гісторыяй, адметнымі мясцінамі. Але больш за ўсё мы любім бываць у Мінску: у парках, аквапарках, гандлёвых і забаўляльных цэнтрах…
Апошні час Марыя з дзецьмі часты госць гандлёвых цэнтраў – рыхтуюцца да школы. Пачалі закупляцца ўжо ў пачатку лета. На “сямейным савеце” абмеркавалі, што каму неабходна купіць, склалі спісы. І вы-хаднымі днямі Марыя па чарзе з кожным (так лягчэй і хутчэй) ездзіць “на шопінг”.
— Мы ўжо гатовы ісці ў садок і школу, — зазначае Марыя. — Набылі і адзенне, і пісьмо- выя неабходнасці — усё ў Мінску, там багаты асартымент, часта бываюць скідкі.. – На Яна, які пойдзе ў садок, затрацілі прыкладна 300 рублёў, на нашу першакласніцу Станіславу — рублёў 500, а на дзесяцікласніцу Таісію — рублёў 300. Ведаеце, складана аказалася сабраць у школу Станіславу, бо ўсё неабходна купіць, як кажуць, “з нуля”. Купілі ўсё — прыналежнасці (па спісе, што далі ў школе), рукзак, туфелькі, сарафан, спаднічкі, блузкі, спартыўнае адзенне і абутак і шмат іншага. Вядома ж, для сямейнага бюджэту складана сабраць траіх дзяцей, таму неабходна загадзя прадумваць, што купіць, збіраць грошы. Падчас вучобы амаль кожны месяц, па меры неабходнасці, дакупляем і адзенне, і абутак, і розныя прыналежнасці.
Балазе, не толькі Марыя ведае, што, калі купіць дзеткам, але і Дзмітрый. У тэлефоне ў нататніку вядзе спіс, што неабходна набыць у бліжэйшы час любімай жонцы, дачушкам і сыночку, для дома… Увогуле, у гэтай сям’і няма падзелу на жаночую, мужчынскую работу. Дзмітрый можа і посуд памыць, і дома прыбраць, і есці прыгатаваць. Дарэчы, пра ежу. Іўчыкі любяць гатаваць штосьці разам, выдумваюць новыя рэцэпты, эксперыментаваць. Асабліва ўсім падабаецца гатаваць і, бясспрэчна, есці катлеты з “пюрэшкай”.
— Ведаеце, сямейнае жыццё – самая складаная работа, — гавораць Дзмітрый і Марыя. — Пастаянна трэба працаваць над сабой, умець “прытрымаць” характар. Бываюць і цяжкасці, якія неабходна разам годна пераадольваць. Шчыра пры-знаемся, у нас было ўсяго. Нават аднойчы, па-глупстве, без годнай на тое падставы падалі на развод, развяліся. Але як мы можам жыць адзін без аднаго?! Хутка зноў пажаніліся. Вось такая ў нас дзіўная, незвычайная гісторыя кахання, нашага сямейнага шчасця.
Кажуць, кожны сам куе сваё шчасце. У сям’і Іўчыкаў усё так і атрымліваецца: Дзмітрый будуе дом, Марыя ўсё робіць для таго, каб у ім было цёпла, утульна, прыгожа, а маленькі гарэза Ян, прынцэса Станіслава і прыгажуня Таісія аб’ядноўваюць сям’ю.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

Дружныя, таму і шчаслівыя: 1 комментарий

  • 15 августа 2018 в 11:21
    Permalink

    Эта семья , пример всем молодым семьям. Счастье им , семейного очага и долгих лет жизни!!!!

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *