«Дапамажы пайсці вучыцца»

Яна пройдзе ў нашым раёне з 20 жніўня па 1 кастрычніка. Галоўная мэта – аказаць дапамогу да навучальнага года дзецям, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, выявіць падлеткаў, якія не вучацца і не працуюць, і накіраваць іх на вучобу альбо работу.
Акцыя традыцыйна пройдзе ў два этапы. Першы — з 20 па 31 жніўня. У гэты час будзе праводзіцца міжведамаснымі групамі абследаванне жыллёва-бытавых умоў сем’яў, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы; а таксама дзяцей, што пражываюць у сем’ях абавязаных асоб; падлеткаў, з якімі інспекцыя па справах непаўналетніх праводзіць індывідуальную прафілактычную работу. Члены рэйдавых груп, прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, супрацоўнікі РАУС, РАНС, БРСМ, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, пры наведанні сем’яў звернуць увагу на наяўнасць у школьнікаў канцылярскіх прылад, школьнага і спартыўнага адзення, “кутка” вучня, ложка, бялізны і гэтак далей.
А падчас другога этапу акцыі, з 1 па 25 верасня, неабходна выявіць непаўналетніх, якія нідзе не вучацца і не працуюць, накіраваць іх ва ўстановы адукацыі або аказваць дапамогу ў працаўладкаванні. А таксама ўстанавіць дзяцей, якія знаходзяцца на выхаванні асоб, што не з’яўляюцца іх бацькамі або апекунамі.
— Да ўдзелу ў акцыі запрашаем усе прадпрыемствы, арганізацыі раёна, неабыякавых людзей, — зазначае намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Іванаўна Бондар. — Будзе арганізаваны пункт прыёму (райвыканкам, кабінет камісіі па справах непаўналетніх) па зборы адзення, абутку, школьных прылад для падлеткаў, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Давайце разам дапаможам гэтым дзецям сабрацца ў школу!

Юлія БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *