Чыталі вершы, прызнаваліся ў любові кнізе…

А ШТО ЯНА ЗНАЧЫЦЬ У ВАШЫМ ЖЫЦЦІ?

На гэта пытанне давалі адказы ўдзельнікі аднайменнага мерапрыемства раённай цэнтральнай бібліятэкі, якое сабрала заўзятых аматараў чытання і прыгожага пісьменства. Апошнія і задалі тон шчырай размове і пранікнёным аўтарскім чытанням.

Ірына Якавец сёння асвойвае рэжысуру ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. У яе паспяховай творчай будучыні ніколькі не сумняваюцца бярэзінскія бібліятэкары. Ірына з малых гадоў наведвала бібліятэку, пісала вершы і была актыўным членам літаратурна-тэатральнага клуба “Ветразь”.

— Свой першы твор я напісала ў 5-ым класе, — прызнавалася дзяўчына. — Гэта была байка. З таго часу мінула шмат гадоў, але паэтычная хваля не пакінула мяне, а натхненнем служаць творы Фёдара Дастаеўскага, Уладзіміра Караткевіча, Леаніда Андрэева, шматлікіх паэтаў.

У доказ сваіх слоў Ірына прачытала верш Марыі Петравых “За одиночество, за ночь” і свой уласны. Апошні ўвайшоў у лік твораў самавыдавецкага бібліятэчнага зборніка “Маналог душы”.

Ганарыцца бярэзінскім самавыдавецкім выданнем “Мелодыя кахання” і другая наша зямлячка Кацярына Лясун. Яна піша выключна апавяданні.

— Я – чытачка з вялікім стажам, бо спачатку чытала кнігі ў сельскай і школьнай бібліятэках, — гаварыла яна прысутным, — скончыла Магілёўскі бібліятэчны каледж, і сёння кнігі — частка маёй прафесіі. Ды і быў час: друкавала свае творы ў розных выданнях, удзельнічала ў літаратурным конкурсе “Першацвет”.

Зараз Кацярына носіць прозвішча Ярмалінская. Сямейныя клопаты прымусілі яе па-іншаму паглядзець на ўласную творчасць. Але бібліятэкары шчыра спадзяюцца, што іх калега “не закапае” свой літаратурны талент і ў яе наспее новы твор.

Кніга для мяне — жывая гісторыя, душа аўтара на старонках. Так лічыць аўтар яшчэ аднаго выдання Алена Пшанічнік. Любімых кніг у яе многа. Гэта творы Борхеса, Картасара, паэзія Бродскага, Цвятаевай.

Нават дзіўна, што ў сваіх літаратурных прыхільнасцях прызнаецца чалавек са спецыяльнасцю прадаўца. Праўда, як зазначае Алена, яна не паступіла пасля заканчэння гімназіі, куды хацела, адвучылася на прадаўца, адпрацавала належны тэрмін і назаўсёды забылася на атрыманую прафесію. Сёння яна займаецца рамесніцкай справай. Аднак не толькі залатыя рукі, багатая фантазія, выдатны густ, але і прага да творчасці вызначае Алену. Яна з дзяцінства піша вершы. На жаль, прачытаць іх на мерапрыемстве дзяўчына не змагла. Аднак з гэтай задачай цудоўна справілася вядучая. На дапамогу ёй прыйшоў бібліятэчны выдавецкі зборнік “Мышь и слон”.

Шчыра віталі ў ходзе мерапрыемства і чытачоў цэнтральнай раённай бібліятэкі з вялікім «стажам» і прагай да чытання, людзей, якіх не палохаюць ні адлегласць, ні дрэннае надвор’е ў іх бязмежнай любові да друкаванага радка. Адна з такіх асоб — Галіна Іўлева.

-Я кніжны “алкаголік”, — жартаўліва назвала сябе жанчына, — бо ніводнага дня свайго жыцця не ўяўляю без кнігі. Чытаю ўсё запар — ад класікі да сучасных твораў, нярэдка выступаю першым рэцэнзентам кніжных навінак.

Важнае месца кніга займае ў жыцці Алены Ждановіч, якая лічыць бібліятэку родным домам, а крыніцай бясконцых разважанняў — творы Максіма Гарэцкага. Часты госць у бібліятэцы і Аляксандр Бычкоўскі. Ведаюць яго тут не толькі як заўзятага аматара чытання, але і аўтара сучасных беларускіх твораў у стылі фэнтэзі. Пра значэнне кнігі ў сваім жыцці выказаліся і прафесіяналы бібліятэчнай справы Тамара Круталевіч і Алена Шамецька.

Асобна ў чытацкім радзе наведвальнікаў «са стажам» бібліятэкары называюць сям’ю Арчымаевых-Трусевіч, у якой ужо трэцяе пакаленне надзейна сябруе з кнігай і раённай бібліятэкай.

Не забыліся вядучыя Валянціна Самец і Юлія Корсак адзначыць Ларысу Балігатаву і Алену Ермакову. Апошнія зрабілі ладам жыцця звычку кожны дзень наведваць чытальную залу і першымі ў раёне знаёміцца з цікавымі артыкуламі ў перыядычных выданнях.

Закончылася мерапрыемства праглядам бібліятэчных кніжных выстаў, тут сярод даўно ўпадабаных бярэзінцамі класічных шэдэўраў значнае месца займалі творы сучасных аўтараў. Дарэчы, у верасні ў бібліятэцы чакаецца новае кніжнае паступленне. Таму не прапусціце знаёмства з новымі аўтарамі.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Чыталі вершы, прызнаваліся ў любові кнізе…: 2 комментария

  • 24 августа 2018 в 19:10
    Permalink

    Благодарим за комментарий и приносим свои извинения!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 23 августа 2018 в 21:23
    Permalink

    Спасибо за статью и за фото)

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *