На Бярэзіншчыне жніво завершана, уборка працягваецца

Сапраўды так: нягледзячы на завяршэнне жніва, на палетках гаспадарак раёна працягваюцца ўборачныя работы. Паспелі такія культуры, як проса і грэчка. Ды і каралеве палёў, кукурузе, таксама прыйшла пара. Яна, традыцыйна, з’яўляецца добрай падтрымкай кармавой базе пры правядзенні чарговай зімоўкі жывёлы.
Так, па аператыўнай інфармацыі райсельгасхарчу па стане на 27 жніўня да ўборкі кукурузы прыступілі ўжо пяць гаспадарак – сельгасфіліялы “Ома”, “Здравушка-агра”, “АграМАЗ”, адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Брадзец” і “Бярэзінскі райаграсэрвіс”. З атрыманай зялёнай масы ўжо закладзена 6239 тон якаснага сіласу, і зараз яго агульная колькасць складае 8580 тон (нагадаем, што закладкай сіласу яшчэ да пачатку ўборкі кукурузы займаўся сельгасфіліял “Ома”).
Акрамя таго, вядзецца і нарыхтоўка травяных кармоў, якія ў значнай ступені ідуць на падкормку жывёле. Усяго ж на названую дату ў раёне нарыхтавана 5622 тоны сена (што нават крыху больш задання), 75040 тон сенажу і 21872 тоны зернесенажу. Значная частка кармоў зацюкавана і завернута ў палімерную ўпакоўку.
Што датычыць забяспечанасці кармамі, то тут найбольш паспяхова выглядаюць такія сельгаспрадпрыемствы, як філіял “Ома” і ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”, якія на сваім рахунку маюць больш як па 20 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Сярэднераённы паказчык складае 14,25 цэнтнера кармавых адзінак.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *