Корманарыхтоўка на Бярэзіншчыне працягваецца

«Галадаць не будзем!» Менавіта так выказаўся дырэктар сельскагаспадарчага філіяла “Ома” А.М. Гундар наконт надыходзячага сезона зімоўкі жывёлы. І ўпэўненасць гэтая не галаслоўная, а падмацавана канкрэтнымі лічбамі і прынятымі захадамі. Што датычыць лічбаў, то яны наступныя. Яшчэ на пачатку гэтага тыдня ў гаспадарцы было нарыхтавана 272 тоны сена, 3305 тон сенажу і 4250 тон сіласу. У цэлым гэта складала па 21,69 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы (па раёне названы паказчык дасягаў лічбы 14,25) і быў самым высокім у рэгіёне.

Зразумела, сёння асноўны ўпор у ходзе корманарыхтоўкі робіцца на сілас. Дарэчы, яго ў “Оме” заклалі першымі ў раёне ў сёлетні сезон – яшчэ вясной, калі ўбіралі свірэпіцу (частку плошчаў яе пакінулі і на насенне). Вядома, як адзначае Аляксандр Мікалаевіч, яе лепш было б пусціць на сянаж, але ў гаспадарцы няма касілкі, якая складвала б траву ў валкі. А падабраная з зямлі, яна даволі засмечаная. Таму разглядаецца пытанне набыцця новай касілкі ў тым выпадку, калі якасць закладзенага сіласу (яго гэтымі днямі павінна прааналізаваць камісія спецыялістаў з мінскай лабараторыі) акажацца недастаткова высокай.
Зараз галоўны ўпор пры нарыхтоўцы кармоў робіцца на кукурузу, да ўборкі якой прыступілі 20 жніўня. Яна ў гаспадарцы займае 260 гектараў. Першыя пасевы царыцы палёў, якія былі высаджаны яшчэ ў сярэдзіне красавіка, праз два-тры тыдні можна будзе ўбіраць на зерне (плануецца атрымаць яго 300 тон). А пакуль жа з кукурузнага сіласу закладваецца другая траншэя, якая толькі сёлета была здадзена ў эксплуатацыю. У першай да гатоўнасці даходзіць 2400 тон корму.
— Сіласам мы павінны запоўніць тры траншэі, астатняя кукуруза пойдзе на зерне, якога пры сёлетнім неўраджайным годзе атрымалі значна менш, чым планавалася, — дзеліцца планамі А.М. Гундар. – А зерне для нас — гэта ў першую чаргу камбікармы. Мы іх не закуп- ляем, а рыхтуем самі. У гаспадарцы ёсць не толькі свой млын, але і прэс, з дапамогай якога мы з насення свірэпіцы і рапсу робім масла. Масла затым прадаём, а атрыманы жмых пускаем у камбікорм, у які дадаём зерне і мікрадабаўкі. Для яго прыгатавання закуп-ляем таксама сланечнікавы шрот, багаты бялком, што немалаважна пры кармленні цялят. Атрымліваецца якасны корм, пра што сведчаць нашы надоі.
Кукуруза, як важны энергетычны сродак, наогул, займае важнае месца ў рацыёне кармлення жывёлы сельгасфіліяла і выкарыстоўваецца на працягу ўсяго года. Сёння, калі леташні кукурузны сілас ужо спажыты, у якасці падкормкі яе даюць разам з просам ці люцэрнай. Ды і ў траншэі кукуруза таксама закладваецца не ў чыстым выглядзе. Адну з іх плануюць закласці з пайзай, і рэдзькай маслянічнай.
Сёння нарыхтоўка кукурузы ідзе поўным ходам. На круг яе прыходзіцца ў сярэднім па 300 цэнтнераў з гектара. На ўборцы заняты два корманарыхтоўчыя камбайны – КВК і “Палессе”, якімі кіруюць Аляксандр Міхайлавіч Валасевіч і Уладзімір Міхайлавіч Хахол. Дастаўкай корму занята сем адзінак тэхнікі – трактары з вялікімі ПІМа-мі і два МАЗы. Трамбуюць масу адразу два “Амкадоры”, гэтай справай заняты Алег Леанідавіч Дэкан і Міхаіл Уладзіміравіч Пінчук. За дзень мехатрад паспявае нарыхтаваць і перавезці на захоўванне па 550-580 тон зялёнай масы.
Яшчэ адзін камбайн “Палессе” будзе накіраваны на ўборку траў.
Так, сапраўды, спраў у сяльчан гэтай восеньскай парой шмат, і паспець выканаць іх трэба своечасова, каб закласці надзейны падмурак будучага ўраджаю. Але і нарыхтоўка кармоў таксама чакаць не можа. Таму і імкнуцца працаўнікі сельгасфіліяла “Ома” не марнаваць дарэмна час, а выкарыстоўваюць яго ашчадна, паказваюць прыклад стаўлення да выканання сваіх абавязкаў.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
На здымку: механізатары Аляксандр Барысавіч і Аляксандр Міхайлавіч Валасевічы, занятыя нарыхтоўкай і адвозкай кукурузы, задаволены сёлетнім ураджаем царыцы палёў.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *