Урачыстыя школьныя лінейкі з нагоды Дня ведаў прайшлі ў Бярэзінскім раёне

«Первое сентября придумали не зря». Так звонка спявала на школьнай лінейцы СШ №2 г. Беразіно з нагоды Дня ведаў вучаніца ўстановы Надзея Уласава.

І сапраўды, Дзень ведаў прыдумалі не дарэмна: ён абвяшчае не толькі канец лета і завяршэнне летніх канікулаў, але і пачатак восені і навучальнага года. Яго не пераблытаеш з ніякім другім святам, бо дзятва ў святочных касцюмах з вялікімі букетамі кветак, трымаючы за рукі бацькоў, шпарка бяжыць на сустрэчу са школай, сябрамі, настаўнікамі. Апошнія, дарэчы, таксама прыгожа апрануты і ўсхваляваны ў чаканні сваіх вучняў. І ніяк нельга забыцца на тое, што першы дзень восені пазначаны чырвоным колерам на календары ў кіраўнікоў усіх узроўняў, якія лічаць сваім абавязкам зрабіць наказ вучням, павіншаваць падагогаў і, вядома, уручыць школам падарункі.

Менавіта так пачыналася школьная лінейка ў СШ №2. Госці па традыцыі першымі звяртаюцца да дзяцей, бацькоў і настаўнікаў са словамі віншаванняў з нагоды пачатку навучальнага года. Гэта сардэчна зрабілі намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Міхайлавіч Навіцкі, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алеся Аляксееўна Цітова, намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Пятровіч Яроцкі, боскае блаславенне даў настаяцель храма Прэабражэння Гасподня айцец Васіль.

У сярэдняй школы №2 шмат слаўных старонак. Яна заўсёды ганарылася сваімі вучнямі і выпускнікамі, вызначалася сярод астатніх майстэрствам педагогаў і ўменнем вучыць. Аднак прадметам асаблівага гонару была і застаецца тут асоба кіраўніка ўстановы. Сёння калектыў узначальвае яе выдатная захавальніца традыцый, былая выпускніца Святлана Віктараўна Абрамовіч.

Дзякуючы ёй і ўсяму педагагічнаму калектыву, школьнікі паспяхова без рэпетытарскіх паслуг становяцца студэнтамі бюджэтных аддзяленняў прэстыжных вышэйшых навучальных устаноў. У мінулым навучальным годзе 44% выпускнікоў паступілі ў ВНУ. Ажыццявіць мару дзяцей стаць урачамі, інжынерамі, лінгвістамі, ветурачамі дазваляе добра пастаўленая і прадуманая работа профільных класаў, дзе на паглыбленым узроўні выкладаюць дысцыпліны Галіна Міхайлаўна Калеснікава, Людміла Паўлаўна Чалей, Святлана Аляксандраўна Тыцюк, Іван Цімафеевіч Кошман і іншыя. Усе яны не толькі бясконца ўлюбёныя ў свой прадмет і не стамляюцца працягваць вучыцца, але і па-бацькоўскі строга, патрабавальна ставяцца да вучняў. Высокай узнагародай для такіх выкладчыкаў служаць не перамогі ў алімпіядах, не выдатныя адзнакі ў дзённіках і дыпломы аб адукацыі, а дастойнае месца сваіх вучняў у грамадстве. У гэтым навучальным годзе ў школе створаны аграрная і педагагічная групы.

Выдатныя веды цесна мяжуюцца з адмысловай выхаваўчай работай. Заслуга ў гэтым належыць не толькі намесніку дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Ірыне Міхайлаўне Бародзіч, але і ўсім настаўнікам, у тым ліку педагогу-наватару, выкладчыку беларускай мовы і літаратуры Надзеі Сяргееўне Міхалёвай. Ёй разам з вучнямі Паўлам Бандзікам і Соф’яй Несцяровіч выпаў гонар узняць дзяржаўны сцяг на школьнай лінейцы. Вучні былі выбраны невыпадкова: яны ўславілі гонар школы ў спаборніцтвах. Дарэчы, прэтэндаваць на такое пачэснае права мог амаль любы вучань школы, бо сярод іх пераможцы абласной алімпіяды па Правілах дарожнага руху, уладальнікі дыпломаў раённага конкурсу юных талентаў “Зорачкі надзей”, абласнога конкурсу чытальнікаў, члены каманды клуба вясёлых і знаходлівых і інш. Мастацкія здольнасці дзяцей сталі цікавым упрыгожваннем школьнай лінейкі.

Выдатныя веды, добрая выхаваўчая работа, неабыякаваць педагогаў ствараюць надзвычай камфортную атмасферу для вучняў і бацькоў, надаюць школе сямейны характар. Ён асабліва адчуваўся на школьнай лінейцы, дзе 39 выпускнікоў пад гучныя авацыі ўрачыста віталі 46 першакласнікаў. Ды і надоўга запомніцца ўсім галоўны момант мерапрыемства- першы звонак. Яго дала вучаніца 1-га класа Настасся Гайдук, якую моцна трымаў Уладзіслаў Бяздольнік.

Ёсць яшчэ адна важная асаблівасць СШ №2 — бясконцая ўлюбёнасць вучняў і педагогаў у сваю ўстанову, дзе кожны куточак у будынку і на прылеглай тэрыторыі літаральна дыхае дагледжанасцю, парадкам і ўтульнасцю. Тут усё круглы год патанае ў кветках, а школьны ганак і альтанка даўно сталі ўпадабанымі месцамі для сэлфі для дзяцей і дарослых. Традыцыя лічыць установу другім домам не знікне тут і ў бліжэйшыя гады. На ўрачыстай лінейцы намеснік старшыні райвыканкама У.М. Навіцкі падарыў установе падарункавы сертыфікат на 12 тысяч рублёў. Грошы мяркуецца накіраваць на набыццё крэслаў для актавай залы. Гэта замацуе славу ўстановы як найбольш папулярнага месца правядзення раённых і школьных мерапрыемстваў.

Празвінеў школьны званок, уручаны кветкі любімай настаўніцы, сябру пераказаны ўсе ўражанні лета, прайшоў першы ўрок на тэму “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца…” і першакласнікам падораны кнігі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Беларусь — наша Радзіма”, высока ў неба паляцелі паветраныя шарыкі з дзіцячымі марамі. І няхай усё гэта неяк не спалучаецца з нязвыкла спякотлівым надвор’ем першага восеньскага дня, пажоўклая на дрэвах лістота шэпча, што летнія канікулы закончыліся і трэба ісці ў школу!

 Мілана ТРАПЯНОК.

 Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Больш фота ТУТ

Урачыстыя школьныя лінейкі з нагоды Дня ведаў прайшлі ў Бярэзінскім раёне: 3 комментария

  • 4 сентября 2018 в 12:31
    Permalink

    Уважаемая Алла, поскольку газету читателям доставляют почтовые работники, пожалуйста, сообщите нам свои фамилию и домашний адрес, чтобы мы могли на почте уточнить, почему Вам газету не доставили.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 4 сентября 2018 в 8:32
    Permalink

    Выписали газету на этот месяц, а нам в субботу не пришла

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 3 сентября 2018 в 15:37
    Permalink

    школьный звонок….как давно это было! прям вспомнилось все

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *