Кропка адліку новых перамог

Сёння Бярэзіншчына адзначае раённыя дажынкі. І хоць свята гэта не пазначана ў календары чырвоным колерам, і не мае канкрэтнай даты, шануецца і цэніцца як адно з самых любімых. Бо стаяць за ім заможнасць нашай дзяржавы, упэўненасць у заўтрашнім дні яе жыхароў, у цэлым, эканамічная бяспека. Традыцыйна ў гэты дзень падводзяцца вынікі работы, гучаць імёны лепшых земляробаў і камбайнераў, аддаецца даніна павагі працаўніку-селяніну.
Напярэдадні свята мы сустрэліся з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандрам Мікалаевічам Шыфрыным і ўзялі ў яго інтэрв’ю.

— Наколькі запамінальным аказалася для Вас сёлетняе жніво?
— Кожная такая кампанія мае шэраг сваіх асаблівасцей, і колькі б разоў не выходзілі камбайны ў поле, заўсёды жніво будзе непадобным на папярэдняе. На жаль, сёлетні сезон прынёс больш расчараванняў, чым радасці: затрачаныя намаганні апраўдалі сябе не ў поўнай меры. Віной таму неспрыяльнае спякотнае надвор’е. Як вынік, нам не ўдалося дасягнуць мінулагодняга валавога намалоту зерневых. Іх ураджайнасць склала толькі 21 цэнтнер з гектара.
Між тым, нават невялікая ўраджайнасць у асобных гаспадарках сведчыць аб пэўнай іх перамозе над стыхіяй, бо ім даводзілася сапраўды адваёўваць у прыроды свой ураджай, кожнае яго зярнятка. Ад усёй душы дзякую працаўнікам, спецыялістам і кіраўнікам усіх без выключэння сельскагаспадарчых прадпрыемстваў за іх мужнасць, працавітасць і імкненне сабраць вырашчанае без страт і ў самыя сціслыя і спрыяльныя тэрміны.
А жніво прайшло сёлета за 20 дзён. Вялося яно на плошчы крыху больш за 14 тысяч гектараў. Першымі, традыцыйна, ўбіралі азімы рапс і свірэпіцу. Высокаму тэмпу работ садзейнічала не толькі працавітасць усіх занятых на жніве рабочых і спецыялістаў, а і тое, што якраз напярэдадні кампаніі пры падтрымцы аблвыканкама гаспадаркі раёна набылі пяць новых зернеўборачных камбайнаў. Яны аказаліся дарэчы. Паказальна, што жніво мы правялі без дапамогі суседніх раёнаў. А гэта сведчыць пра дакладна арганізаваную работу на месцах.
— Наколькі дастаткова мы маем для правядзення падобных масавых кампаній працоўных рэсурсаў і тэхнікі?
— Глебаапрацоўчай тэхнікі і камбінаваных пасяўных агрэгатаў у нас дастаткова. Дастаткова збожжаўборачных камбайнаў, 23 пасяўныя агрэгаты, і гэтага хапае, каб укласціся ў аптымальныя тэрміны сяўбы, што таксама немалаважна. Маем дастаткова плугоў, сёлета набылі яшчэ дзякуючы аблвыканкаму ў лізінг 8 трактароў МТЗ-3522 з 9-корпуснымі абаротнымі плугамі і 2 кормаўборачныя камбайны КВК-800. Абнаўляюць парк і інвесціраваныя сельгасфіліялы.
Тым не менш, на жніве было задзейнічана каля 17 адзінак тэхнікі з іншых арганізацый горада. Свае трактары, аўтамабілі і пагрузчыкі прадаставілі сяльчанам ДРБУ-192, ДЭУ-6, РКУВП “Бярэзінская ЖКГ”, ПМС, аўтапарк. Яшчэ 19 адзінак тэхнікі нам паставілі арганізацыі Заводскага раёна
г. Мінска. У плане рабочых рук, гаспадаркі забяспечаны сваімі кадрамі. А людзі тут сапраўды выдатныя, яны заслугоўваюць самых гучных слоў падзякі. Лепшыя з іх будуць ушаноўвацца і атрымаюць узнагароды. Пра іх расказвае сёння раённая газета, таму не буду называць прозвішчы. Адзначу толькі, што акрамя гаспадарак-лідараў жніва высокіх паказчыкаў і ўраджайнасці вышэй сярэднераённай дасягнулі такія сельгасвытворцы, як ААТ “Багушэвічы” (дырэктар Ю.С. Міколенка), ААТ “Месціна” (дырэктар А.І. Асмалоўскі), ААТ “Пагосцкі” (в.а. дырэктара Д.М. Касіловіч) і ААТ “Першамайскі” (дырэктар В.М. Аўтухоў).
— Цёплых слоў заслугоўваюць таксама кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў?
— Безумоўна. Тым больш, што для некаторых з іх сёлетняе жніво аказалася першым на новай пасадзе. Гэта дырэктар ААТ “Уша” Аляксандр Мікалаевіч Аўтухоў, дырэктар сельгасфіліяла “Здравушка-агра” Міхаіл Леанідавіч Крыцкі, выконваючы абавязкі дырэктара ААТ “Пагосцкі” Дзмітрый Мікалаевіч Касіловіч.
Можна адзначыць за старанную працу галоўнага агранома ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” Анатоля Уладзіміравіча Шабана, галоўнага інжынера сельгасфіліяла “Ома” Дзмітрыя Мікалаевіча Калацэя і галоўнага інжынера ААТ “Брадзец” Мікалая Міхайлавіча Крука. Такія спецыялісты ёсць у кожнай гаспадарцы. Вопытныя галоўныя аграномы працуюць у ААТ “Пагосцкі” і сельгасфіліяле “Ома”. Падрастае і дастойная маладая змена галоўных аграномаў (ААТ “Бярэзінскі” і ААТ “Першамайскі”). Дзякуючы намаганням спецыялістаў і кіраўнікоў (назваў жа я іх далёка не ўсіх) сельгасарганізацыі набываюць больш прывабны выгляд, паляпшаецца культура земляробства і прадукцыйнасць працы.
— Якія зроблены ўрокі з сёлетняга жніва? Што на Ваш погляд патрэбна зрабіць, каб у наступным годзе палепшыць сітуацыю?
— Надвор’е — рашаючы, але не адзіны фактар, што ўплывае на атрыманне добрага ўраджаю. Ён пачынаецца з якасці апрацоўкі глебы, усяго комлексу агратэхнічных работ. Немалаважным з’яўляецца правільна падабраны насенны матэрыял, работы па доглядзе пасеваў, забяспечанасць мінеральнымі ўдабрэннямі. Прыкмечана, што па некаторых культурах няма трывалага кушчэння ўсходаў. Выйсце тут бачыцца ў павелічэнні нормы высеву насення на гектар. Павінна адбывацца замена насеннага матэрыялу на эліту і суперэліту. Вельмі важным з’яўляецца правільны севазварот культур, падбор папярэднікаў, перазалужэнне паш. Падобных фактараў павелічэння ўраджаю існуе нямала. І нават калі надвор’е не будзе спрыяць развіццю раслін, можна прыняць шэраг захадаў для таго, каб мінімізаваць такога роду наступствы.
На сённішні дзень жніво-2018 — гэта ўжо гісторыя. Са сваімі героямі і працоўнымі подзвігамі, няўдачамі і вывадамі. Выказваю самыя шчырыя словы ўдзячнасці ўсім удзельнікам жніва і тым, хто садзейнічаў яго правядзенню — арганізацыям-шэфам і прафсаюзам, работнікам ідэалагічнага фронту і культуры, сродкаў масавай інфармацыі, чые актыўная дапамога і гучнае слова дапамагалі арганізацыі спаборніцтва і вядзенню высокіх тэмпаў работ. Усім – добрага настрою, дабрабыту, моцнага здароўя і шчасця ў кожны дом. І няхай гэты год стане той адзнакай, ад якой мы ў будучым штогод будзем прырастаць ураджаем, умацоўваць сваю краіну і наш агульны дабрабыт!
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *