Іх лёс і лес спляліся каранямі

Шыкоўным падарункам калектыву ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас” напярэдадні прафесійнага свята стаў новы адміністрацыйна-бытавы будынак, які вось-вось урачыста расчыніць дзверы. З яго ўводам значна палепшацца ўмовы працы і быту работнікаў вытворчага майстарскага ўчастка “Беразіно”, вадзіцеляў, слесараў, зваршчыкаў, для якіх уладкаваны душавыя, пакоі прыёму ежы і іншыя бытавыя памяшканні. Для забеспячэння гарачым харчаваннем будзе працаваць сталовая. Тут жа размесцяцца некаторыя рабочыя кабінеты, радыялагічная лабараторыя, кабінет аховы працы, архіў.

І гэта не адзінае тое новае, што кожны год радуе работнікаў лясной гаспадаркі. Сёлета распачаты рамонт будынка Любушанскага лясніцтва, набылі два сартыментавозы на базе МАЗаў, цялежкі для вывазу драўніны.
Дастойна жыць і развівацца калектыву лясгаса дапамагае такая ж дастойная праца. Адзін з асноўных паказчыкаў дзейнасці – справа зберажэння і памнажэння лясоў, лесаад-
наўленне. За восем месяцаў года яно праведзена на 226 гектарах, заданне выканана на 113 працэнтаў. Высечкі прамежкавага карыстання выкананы на 101,3 працэнта да мінулагодняга паказчыка. Павялічыліся паступленні ад лясной і паляўнічай гаспадаркі – 106,2 працэнта. Традыцыйна, эфектыўна дзейнічае вытворчая галіна. За студзень-жнівень выраблена 22,4 тысячы метраў кубічных піламатэрыялаў – 107,2 працэнта да папярэдняга года. Узрос экспарт лесапрадукцыі і паслуг і прынёс 2415 тысяч долараў – 108, 5 працэнта.
Усё гэта фарміруе станоўчы імідж лясгаса, прыносіць здабыткі калектыву. І, не толькі матэрыяльныя. Сапраўднымі, дбайнымі гаспадарамі ўваходзяць у лес работнікі лясной гаспадаркі. Сведчанне гэтаму – пашана і павага да нялёгкай справы, шматлікія ўзнагароджванні да прафесійнага свята. Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі сёлета будзе адзначаны станочнік дрэваперапрацоўчых станкоў ВМУ “Беразіно” С.У. Міралевіч.
Яго агульны працоўны стаж складае 34 гады, з іх палова – у лясгасе. Кваліфікаваным, адказным спецыялістам, які дакладна ведае сваю справу, называюць Сяргея Уладзіміравіча ў калектыве. Брыгада пад яго кіраўніцтвам у першым паўгоддзі вырабіла 3126 кубічных метраў піламатэрыялаў – даволі значны паказчык.
Не ўпершыню будзе атрымліваць узнагароду ляснік Дзмітравіцкага лясніцтва П.А. Шугалей, які валодае неабходнымі ведамі і ўмела прымяняе іх на практыцы. Высакародны асноў- ны яго абавязак – зберажэнне лясоў ад незаконных высечак і пажараў, арганізацыя лесагаспадарчай дзейнасці, аператыўнае вырашэнне вытворчых пытанняў. У веданні Пятра Аляксеевіча абходы плошчай 444 і 534 гектары, якія падтрымліваюцца ва ўзорным парадку.
Добрасумленным работнікам зарэкамендаваў сябе трактарыст на падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазе лесу Арэшкавіцкага лясніцтва М.К. Сіняк. Мікалай Казіміравіч хутка і якасна выконвае ўсе даручаныя заданні, прычым нярэдка спраўляецца з вялікім аб’ёмам работы, сапраўды “хварэе” за вынікі сваёй працы.
Шмат даводзіцца пахвалявацца майстру лесу Бярэзінскага вопытна-вытворчага лясніцтва І.С. Лукашэвічу. Майстэрства ў валцы лесу прынесла яму сусветную вядомасць. Беларуская каманда лесарубаў, у склад якой уваходзіць Іван Сяргеевіч, сёлета стала пераможцай Сусветнага чэмпіянату. Нямала перамог і ў асабістым заліку юніёра, які прадстаўляе Бярэзінскі лясгас.
Яшчэ адзін прадстаўнік Бярэзінскага вопытна-вытворчага лясніцтва – ляснік Канстанцін Канстанцінавіч Ключэўскі, які не менш прафесіянальна выконвае свае абавязкі па ахове лесу і доглядзе за ім. Нягледзячы на значную плошчу свайго абхода – 1175 гектараў, выконвае лесааднаўленчыя і лесагаспадарчыя работы ў іншых абходах.
Сапраўдны фундамент у будучае закладвае лесавод гадавальніка Таццяна Уладзіміраўна Казак. Брыгада пад яе кіраўніцтвам за мінулы год вырасціла больш за 5 мільёнаў саджанцаў лясных культур, з іх 70 тысяч – дэкаратыўных. На шышкасушылцы перапрацавана больш за 15 тон насеннага матэрыялу і атрымана 200 кілаграмаў насення сасны звычайнай і елкі еўрапейскай. Падрыхтавана да пасадкі амаль 2 мільёны сеянцаў і саджанцаў асноўных лесаўтваральных парод дрэў. Нездарма па выніках мінулага года гадавальніку было прысуджана званне ўзорнага.
Усе пералічаныя работнікі лясгаса, як адзначае дырэктар С.У. Чэмка, толькі невялікая частка калектыву, у чыіх руках лёс лесу. І ўсе яны робяць магчымае і немагчымае, каб і праз шмат гадоў не зніклі сляды іх працы. Бо іх лёсы цесна пераплецены з лесам.
На здымку: новы адміністрацыйна-бытавы будынак.
Ала АЛЬФЕР.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *