Працуюць дружна і адказна

Калектыў Бярэзінскага вытворчага ўчастка ААТ “Плешчаніцлес” займаецца лесанарыхтоўкай, вывазкай драўніны і вытворчасцю піламатэрыялаў як для ўнутранага рынку, так і на экспарт у Бельгію, Латвію, Германію і іншыя краіны.

Дарэчы, тут шчыруе ўсяго 28 чалавек. Але дзякуючы сваёй зладжанасці, адказнасці, выконваюць і перавыконваюць даведзеныя планы па нарыхтоўцы лесу. У месяц нарыхтоўваюць прыблізна 1200 кубаметраў драўніны, вывозяць – 1000 і вырабляюць 150 кубаметраў піламатэрыялаў на экспарт.
Мне здаецца, моц гэтага вытворчага ўчастка – у стабільнасці калектыву. Працуюць, сапраўды, зладжана, дружна, як адзін механізм. Для многіх праца з лесам не проста сродак для заробку, а жыццё. Кіруе дружным калектывам Аляксандр Іосіфавіч Аўсянскі. Ён, як сцвярджаюць калегі, патрабавальны, але справядлівы, сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Ведае пра лес, яго вытворчасць, перапрацоўку ад «а» да «я».
У лесе працуе брыгада з трох чалавек — нарыхтоўваюць драўніну. На вывазцы лесу — адказны, вопытны трактарыст Аляксандр Рыгоравіч Паляшчук. Ён — перадавік вытворчасці, неаднаразова быў адзначаны граматамі, падзячнымі лістамі ад кіраўніцтва ААТ “Плешчаніцлес”. Даўно шчыруе вадзіцелем па вывазцы лесу Сяргей Уладзіміравіч Цісецкі — прафесіянал з вялікай літары.
Піламатэрыялы ў цэху дрэваапрацоўкі, вырабляюць 8 чалавек: станочнікі, сарціроўшчыкі, падсобныя рабочыя. Яны ўсе таксама не навічкі ў гэтай справе. Брыгадзір гэтай брыгады, станочнік Анатолій Міхалавіч Гамеза, заўсёды ў ліку лепшых работнікаў. Напэўна, многія думаюць, што з лесам могуць працаваць толькі мужчыны. Не! У гэтым калектыве нараўне з моцнай паловай насельніцтва шчыруюць і жанчыны. У лідарах акуратная, хуткая, няўрымслівая Людміла Васільеўна Бурая.
Кіраўніцтва радуе, што калектыў папаўняецца і новымі кадрамі. Нядаўна інжынерам-тэхнолагам працуе Вячаслаў Мікалаевіч Кулакоўскі. Ён у лясной прамысловасці даўно, прыступіў да працы адразу ж пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта ў 2002 годзе.
Памятаюць тут і пра ветэранаў працы, якія годна шчыравалі не адзін дзясятак гадоў.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *