Бярэзінскія лесаводы адзначылі прафесійнае свята

А нам без лесу ўжо не жыць… Гэты радок з гімна беларускіх лесаводаў, як і сам гімн адлюстроўваюць гонар лесаводаў за сваю прафесію, сваю справу – такую важную і неабходную. Менавіта з яго пачалася сёлета ўрачыстасць з нагоды прафесійнага свята работнікаў Бярэзінскага лясгаса. Як заўсёды запоўнена зала раённага цэнтра культуры. Запоўнена людзьмі, чыімі рукамі і душой зберагаецца і памнажаецца галоўнае багацце краіны. Хтосьці з іх ужо атрымаў заслужаныя ўзнагароды ад Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і Мінскага ДВЛГА на абласным свяце, іншых яшчэ чакаюць такія хвалюючыя моманты, якіх на свяце лесаводаў нямала.

— Я ганаруся тым, што вось ужо сем гадоў працую ў раёне, на карысць лесу, у адным з лепшых калектываў, — адзначаў у прывітальным слове дырэктар ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас” Сяргей Уладзіміравіч Чэмка. — Выкананне асноўных паказчыкаў у поўнай меры адлюстроўвае нашы агульныя поспехі на карысць прадпрыемства, раёна, краіны. Мы цвёрда стаім на нагах і ў далейшым будзем працаваць так, каб быць на дастойным узроўні.
Ганарыцца сапраўды ёсць чым. Бярэзінскі лясгас традыцыйна ў ліку лепшых у вобласці і не толькі па вытворчых паказчыках. Ужо шмат гадоў запар ні адно спаборніцтва лесарубаў, нават, сусветнага ўзроўню, не абыходзіцца без нашых вальшчыкаў лесу. Дастаткова ўзгадаць прозвішчы Сяргея Мікалаевіча Шкудрова, Юрыя Мікалаевіча Несцяровіча. Дастойнай зменай стаў Іван Сяргеевіч Лукашэвіч, які сёлета ў складзе беларускай каманды выступаў на Сусветным чэмпіянаце лесарубаў і ўнёс свае ачкі і сваё майстэрства ў яе безумоўную перамогу. Менавіта за падтрымку сваіх лесарубаў атрымаў узнагароду ад Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь С.У. Чэмка. Нямала іншых заслуг і дасягненняў вылучаюць калектыў лясгаса і яго кіраўніка.


— Ваш калектыў адзін з буйнейшых у раёне не толькі па колькасці, — гаварыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Валянцінавіч Лашкоўскі. – Вы моцныя тэхнічнай асна-шчанасцю, вытворчасцю. Граматнае выкарыстанне наяўнай базы і арганізацыя работы дазваляюць дасягаць станоўчых вынікаў, развівацца. Галоўнае ж звяно – вы, людзі. Працаваць у лясной гаспадарцы – гэта дастойна і ганарова.
В.В. Лашкоўскі ўручыў узнагароды ад раённага выканаўчага камітэта некаторым работнікам лясгаса і пажадаў усім далейшых поспехаў.

Самы шматлікі атрад адзначаных за дастойную працу ад лясгаса, уручыў узнагароды і падзякаваў ім за работу С.У. Чэмка. Нязменны і заклік дырэктара “Лясгас, уперад!”.
Не абышлося без падарункаў ад прафсаюза, якія ўручыла старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Святлана Васільеўна Асланян, падкрэсліўшы ганаровае званне лесаводаў.


Між іншым, наперадзе лясгас не толькі ў працы. Традыцыйнымі тут сталі штогадовыя спартакіяды, конкурсы мастацкай самадзейнасці, якія раскрываюць здольнасці і таленты. Не горш чым на рабочым месцы адчуваюць сябе на сцэне вадзіцель Аляксандр Міхайлоўскі, ляснічы Брадзецкага лясніцтва Дзмітрый Мяшалкін, вартаўнік Дзмітрый Маскалькоў. І на гэты раз яны падрыхтавалі для калег музычныя падарункі.
Парадавалі і падтрымалі святочны настрой і сталічныя артысты – Беларускі ансамбль народнай музыкі “Свята”.

Ала АЛЬФЕР.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *