Свята, сугучнае з тэмай года

Як, калі, пры якіх абставінах мы знаходзім сябе ў звяне пакаленняў, задумваемся аб сваіх каранях? Усё гэта ў спешцы жыцця праходзіць непрыкметна, міжволі, нярэдка раўнадушна. І толькі ў бягучы 2018 год, дзякуючы ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі аб’яўлены Годам малой радзімы, прабіла, нібы пароль, думка пра малую радзіму, дзе лунаюць у памяці кожнага птушкі маладосці.

Малая радзіма – гэта не толькі вечны спадарожнік нашага жыцця, яна – апора нашага духу, галоўны вяршыцель лёсу. І ні час, ні месца далейшага пражывання, ні лад жыцця не могуць выкрасліць з памяці тую калыску дзяцінства, дзе ты нарадзіўся і адчуў пад нагамі трываласць, дзе, як спяваецца ў песні “Мацізямля”, “травы пахнуць мёдам”. Менавіта ў гэтай тэматыцы адбылося мерапрыемства ў невялічкай вёсачцы Карбаўское, якое і для карэнных пяцярых жыхароў, і для мясцовых ураджэнцаў стала вялікім святам душы.
Вёска Карбаўское, па легендзе старажылаў, была створана на месцы вялікай балотнай гаці, якую самі жыхары змаглі ператва-рыць у насып, зрабіць дарогу з бярвенняў, дошак і прыстасаваць гэтае бязлюднае месца для жыцця. Карбаўскім яго назвалі па спосабе рукадзелля: у гэтым месцы расло шмат ліп, кара якіх выкарыстоўвалася для пляцення карабоў, лапцей і іншых вырабаў. У 1916 годзе  там было ўсяго 5 двароў і 40 жыхароў.
Цяпер жа на гэтую колькасць двароў 5 жыхароў. Хачу адразу заўважыць, што людзі прыціснутай да ляснога масіва вёсачкі, цярплівыя, мужныя, з’яднаныя сялянскай працай. Тут ніколі не было ні клуба, ні школы (бліжэйшая пачатковая школа знаходзілася калісьці ў вёсцы Несцяроўка). Ніколі не было гандлёвай кропкі, гэта цяпер ходзіць аўталаўка два разы на тыдзень. І пра вялікія культурныя мерапрыемствы, накшталт цяперашняга свята вёскі, толькі марылі.

На мерапрыемства было запрошана шмат гасцей, сваякоў, сяброў. На паляне — імпразаваная сцэна, сталы, пасвяточнаму накрытыя абрусамі. Тут жа размясцілі старыя фотаздымкі продкаў. Удзельнікі свята — артысты ў святочных касцюмах. І вядома, выстава мастацкіх палотнаў і паэтычных твораў мясцовай знакамітасці Уладзіміра Паўлавіча Несцяровіча. Усё гэта надавала святасць і ўрачыстасць.
Вядучая мерапрыемства — загадчыца Любушанскага СДК Таццяна Несцяровіч пачала сваё выступленне ўспамінам пра ганаровага жыхара вёскі Карбаўское, кавалера Георгіеўскага крыжа Фёдара Мікітавіча Несцяровіча, які служыў у лейбгвардыі грэнадзёрскага палка, а з 1918 года — у Чырвонай Арміі. Пасля разгрому Калчака працаваў сакратаром мясцовага сельсавета, а затым — старшынёй калгаса “Будаўнік”. Мінутай маўчання ўшанавалі памяць кавалера Георгіеўскага крыжа і ўсіх загінуўшых у час вайны, і тых вяскоўцаў, якія пакінулі свет зямны.
Па традыцыі слова для выступлення трымае старшыня сельскага Савета Аляксандр Пятровіч Цыбулька, які выказаў надзею, што Карбаўское не знікне з твару зямлі, што там знойдуць «прызямленне» ахвотнікі дач, грыбоў, ягад, палявання.
Прыкметнай і паважанай асобай на свяце стаў ураджэнец вёскі Уладзімір Паўлавіч Несцяровіч. Высокі рэйтынг яго аўта-рытэту закладзены ў прыродным таленце. Яго першай прыступкай самастойнага жыцця быў торфабрыкетны завод, дзе ён працаваў токарам і паступова раскрываў свой талент у мастацтве, як пісьменнік. У свой час закончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя  А.К. Глебава, факультэт журналістыкі Беларускага дзяржуніверсітэта імя Леніна, факультэт масава-палітычнай работы ўніверсітэта марксізма-ленінізма. Больш за 20 гадоў аддаў працы ў рэдакцыі газеты “Бярэзінская панарама”. Член саюза пісьменнікаў. Творы “Круты ўзлёт”, “Непрыручанае рэха”, паэтычныя зборнікі “Эпоха русалкі”, “Сто дарог” — не апошні вынік яго таленту. Сціплы, разумны, ён з дзяцінства выпрабаваў на сабе цяжкі хлеб паўсіроцкага жыцця, калі матулю “душылі” падаткамі на малако, масла, мяса, якія ў сям’і дзеці не заўсёды бачылі. Ратаваў толькі лес з яго дарамі. Выжылі, выраслі, сталі дастойнымі людзьмі свайго краю.
86-гадовы ўзрост не стаў перашкодай, каб наведаць свята, для Соф’і Максімаўны Несцяровіч. Ёсць шмат чаго ўспомніць жанчыне: як добрага, так і дрэннага. Чацвёра дзетак вырасціла, цяпер з адной з іх жыве ў Беразіно. Гады ліхалецця – вайна. Эпізод, калі яе вялі на расстрэл па даносе, і цяпер вярэдзіць душу ад здрадніцтва. Але час лечыць. Цяпер Соф’і Максімаўне жывецца добра і яна прызнаецца, што такога свята ў вёсцы за ўсё жыццё не бачыла. 

А там, на свяце, адна толькі ігра на гаромоніку музыканта «на ногі ўзнімала». Яшчэ б. Міхаіл Папруга вельмі здатны на гэта.
Не зусім староннім чалавекам быў на гэтым свяце і Анатоль Уладзіміравіч Несцяровіч – сын Ганны Сяргееўны Несцяровіч, галоўны інжынер ЗАТ “Клявіца”. Анатоль Уладзіміравіч – чалавек да сваіх землякоў безадмоўны і адметны дабрынёй, быццам валанцёр для жыхароў сваёй малой радзімы. Ён і смецце дапаможа вывезці, зімой дарогі пачысціць, сочыць за парадкам, нават пустуючыя землі грэчкай засявае, бо трымае пчол. Матуля Ганна Сяргееўна ў свой час па пуцёўцы камсамола і з пачуццём патрыятызму паехала на асваенне цалінных зямель. Там і пражыла 22 гады, пасля чаго вярнулася ў акальцаваны лясным масівам родны куток. Цяпер, у свае 83 гады, жыве ў дачкі.

Самай малодшай жыхаркай вёскі Карбаўское з’яўляецца Ганна Іванаўна Навуменка, ці, як яе называюць сяльчане, «Лісавеціна Аня». Яна кінула ў Мінску кватэру і прыехала зай-мацца цяжкай справай на зямлі. Развяла была гаспадарку: карову, каня, свіней, птушак, «нахапала» зямлі. Але ад працы багатай не стала, а вось прыгнутай, з хворым пазваночнікам – відавочна. Цяпер засталася адна. Муж памёр, дзеці жывуць у Мінску. Гаспадарку вымушана была збыць. А па сваім характары яна — найдабрэйшая жанчына, услужлівая, адкрытая, шчырая.
Што яднае іншых жанчын — Галіну Фёдараўну, Ніну Сцяпанаўну. Прынамсі, яны з адным і тым жа прозвішчам – Несцяровіч. А таксама, магу з упэўненасцю сказаць, у іх адна бязмерная цяга і любоў да сваёй гістарычнай радзімы, якая ім бачыцца самай дарагой і блізкай.
І гэта так добра, што іх душа наталілася радасцю ад праведзенага свята, якое ладзілі дырэктар Любушанскага СДК Таццяна Фёдараўна Несцяровіч і дырэктар аўтаклуба Любоў Дзмітрыеўна Пінчук разам з галоўным акампаніятарам Міхаілам Аляксандравічам Папругам.

Ніна БУРКО.
Фота прадастаўлена Любушанскім СДК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *