Без газеты няма жыцця

Размову пра газету з Людмілай Пятроўнай мы пачалі задоўга да сустрэчы і знаёмства. Неяк з самага ранку яна патэлефанавала ў рэдакцыю, каб выказаць падзяку за газету.
— Учора так захапілася чарговым нумарам, што чытала да пазна, — чуўся ў трубцы прыемны голас. – Раёнка ў апошні час змянілася, стала больш цікавай. Дзякуй вам за гэта.
— І Вам дзякуй, заўсёды прыемна чуць, што праца і старанні не дарэмныя.

Распачатая гаворка працягвалася ўжо дома ў Л.П. Даўгадзілінай, у вёсцы Гурэшчына. Пры ўваходзе ў пакой, побач з садавінай і кветкамі на стале, заўважаю “Бярэзінскую панараму”.
— Сёлета ў сакавіку споў-нілася 47 гадоў маёй дачцэ, менавіта столькі часу выпісваю і чытаю раёнку, — адказвае на маю цікаўнасць жанчына. – А як жыць у раёне, ды не ведаць навін? Цікава ўсё – ад афіцыйных матэрыялаў да парад гаспадыням, рэцэптаў розных страў. А быў час, і сама інфармацыю ў газету дасылала.

Нарадзілася Людміла Пятроўна на самым пачатку вайны. Тады сям’я жыла ў Ка-пыльскім раёне, бацька Пётр Уласавіч Журкоўскі быў педагогам, у школе піянерва-жатай працавала і маці Марыя Антонаўна. Гады ліхалецця, вядома, не запомніліся. Але жыццё ў зямлянцы, бо ў сцяну іх дома трапіла бомба, узгадваецца і сёння. Пасля вайны пераехалі ў Клецкі раён. Бацька працягваў выкладаць і адначасова аднаўляў будынкі школ. Пяць навучальных устаноў у раёне такім чынам пабудаваў, сям’я разам з ім пераязджала ад школы да школы.
Людміла, атрымаўшы атэстат аб сярэдняй адукацыі, паступіла ў Бабруйскае медыцынскае вучылішча, якое потым скарацілі, і вучобу заканчавала ўжо ў Магілёве. Паехала працаваць у гарадскі пасёлак Акцябрскае Го-мельскай вобласці. Але хутка паклікалі да сябе бацькі, якім патрэбна была дапамога. Уладкавалася працаваць памочнікам санітарнага ўрача ў Клецкай санэпідстанцыі. Ужо там сустрэлася з будучым мужам Ігарам Уладзіміравічам Даўгадзіліным. Яго нельга было не заўважыць -працаваў ляснічым, быў сакратаром камсамольскай арганізацыі, спартсмен. Тут жа ў Клецкім раёне нарадзіўся старэйшы сын Алег.
Потым быў Мядзельскі раён, куды перавялі мужа. І нарэшце, Бярэзінскі, дзе ўладкаваліся грунтоўна і назаўсёды. Ігар Уладзіміравіч спачатку працаваў у лясгасе эканамістам, ад арганізацыі атрымалі ведамаснае жыллё.
Людміла Пятроўна ўладкава-лася па спецыяльнасці ў санэпідстанцыю.
З цягам часу, вядома, адбываліся змены. Гаспадар узначаліў раённую экалагічную інспекцыю, Людміла Пятроўна завочна закончыла Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію і далейшая працоўная дзей-насць была звязана з сельскай  гаспадаркай — працавала аграномам-насенняводам у саўгасе “Бярэзінскі”, спецыялістам па кадрах ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі, інжынерам-радыёлагам у, так званай, кармавой лабараторыі.
— Я вельмі любіла прафесію агранома, — гаворыць жанчына. — Не паспееш пасеяць, як ужо ўсё зазелянела, а там і да ўборкі рукой падаць. Гэта пасада пасадзейнічала таму, што цяпер я жыву тут, у Гурэшчыне. Атрымалі ўчастак, з цягам часу дом пабудавалі. Тут рэчка, лес – усё тое, што асабліва любіў муж.
Але, маючы траіх дзяцей, жанчыне нязручна працаваць амаль без выхадных, асабліва ў гарачы час палявых кампаній. Таму паслухалася парады, і змяніла месца работы.
Л.П. Даўгадзіліна з цеплынёй прыгадвае і працу ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі. Асаблівы час пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС прыпаў на пасаду інжынера-радыёлага, калі самі ездзілі па гаспадарках рабіць вымярэнні, а пасля складалі радыёлагічную карту. Ды і кожны адрэзак жыцця — асаблівы час, напоўнены рознымі падзеямі: і звязанымі з прафесійнымі абавязкамі, і ўласнымі.
На жаль, ужо няма ў жывых мужа. Але радуюць дзеці і ўнукі. Людміла Пятроўна працягвае жыць у Гурэшчыне, даглядае за садам і агародам, вырошчвае кветкі. Чакае ў госці дзяцей і ўнукаў. Яны наведваюцца часта, радуюць сваімі поспехамі. Нядаўна вось, гуляла на вяселлі ўнучкі.
А літаральна 18 верасня родныя сабраліся ў бацькоўскім доме, каб павіншаваць любімую маму і бабулю з Днём нараджэння. Перад тым,
як прыехаць, яны абавязкова віншуюць Людмілу Пятроўну праз раённую газету. Надрукаваныя словы прызнання ў любові самаму роднаму чалавеку, шчырыя пажаданні трывала ўразаюцца ў душу. А ў хвіліны, калі застаешся сам на сам, ёсць магчымасць зноў і зноў перачытваць іх, адчуваць падтрымку блізкіх людзей.
Мы не можам не далучыцца да віншаванняў нашай шаноўнай, даўняй падпісчыцы. Моцнага вам здароўя, даўгалецця, спакою і радасці ў душы, шчасця!

— Атрымліваю газету, — гаворыць Людміла Пятроўна Даўгадзіліна, — і адразу даведваюся, што адбываецца ў раёне. Заўсёды цікава, як ідуць справы ў сельскай гаспадарцы, ды і практычна ўсё. Без газеты няма жыцця, таму нельга яе не выпісваць.

Ала АЛЬФЕР.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *