Педагагічны марафон адкрые новые зоркі

З 1 па 5 кастрычніка ў Бярэзінскім раёне пройдзе VІІІ педагагічны марафон кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі Мінскай вобласці “Педагагічныя ініцыятывы — індыкатар устойлівага развіцця адукацыі”. Што ж чакае на гэты раз педагогаў у ходзе педагагічнага марафону? На гэта пытанне адказвае загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Бярэзінскага райвыканкама Вераніка Макеенкова:

— Як і ў папярэднія гады, будуць задзейнічаны вядучыя ўстановы адукацыі і распісаны кожны дзень мерапрыемства, дзе настаўнікі і кіраўнікі змогуць паказаць свае апошнія напрацоўкі, падзяліцца назапашаным практычным вопытам.
Так, на 1 кастрычніка прызначаны Дзень настаўніка-прадметніка. Ён збярэ на семінар-практыкум настаўнікаў фізіка-матэматычнага цыкла і настаўнікаў пачатковых класаў. Выкладчыкі дакладных дысцыплін у ДУА “Сярэдняя школа №3 горада Беразіно” будуць глядзець адкрытыя урокі і разважаць на тэму правядзення сучасных заняткаў з выкарыстаннем праектавання, самааналізу і аналізу, а “пачаткоўцы” на базе ДУА “Пачатковая школа №1 горада Беразіно” абмяркуюць кантрольна-ацэначную дзейнасць педагога, як патрэбную ўмову кіраваннем якасцю адукацыі.
Куды больш насычаным абяцае стаць другі дзень мерапрыемства, 2 кастрычніка. Ён прызначаны Днём педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі і Днём маладога спецыяліста. Работнікі дзіцячых садкоў падзеляцца меркаваннямі на тэму “Выхавальнік — майстар сваёй справы” на базе ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Крынічанька” горада Беразіно”. Чакаецца, што падзеляцца сваімі праблемамі станаўлення маладыя спецыялісты на базе Інтэлектуальнага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Апрача гэтага, на базе ДУА “Пачатковая школа №1 горада Беразіно” ў дыстанцыйнай форме запланаваны семінар для маладых настаўнікаў замежнай мовы.
Багатым на формы мерапрыемства стане і 3 кастрычніка — Дзень работніка дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Яго ўдзельнікаў у Цэнтры дзіцячай творчасці чакаюць навучальны семінар, дыскусія, майстэрня дэкаратыўна-прыкладной творчасці і гульня-практыкум.
У форме дзелавой гульні пачнецца Дзень работніка метадычнай службы, які запланаваны на 4 кастрычніка. У ходзе яе будуць агучаны карысныя парады па правядзенні атэстацыі педагагічных работнікаў. А вось другая палова дня будзе прысвечана Дню сацыяльнага работніка на базе ДУА “Яслі-садок №8 горада Беразіно”.
Завершыцца педагагічны марафон Днём кіраўніка. Тут у шчырай і дзелавой атмасферы будуць абмеркаваны пытанні арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўмовах адноўленага зместу агульнай сярэдняй адукацыі.
Застаецца дадаць, што наладзяць і правядуць усе вышэйназваныя мерапрыемствы лепшыя педагогі раёна, для якіх прызнанне калег па цэху стане лепшым падарункам на прафесійнае свята – Дзень настаўніка.
Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *