Сезон кірмашоў на Бярэзіншчыне адкрыты

У мінулую суботу на гарадскім стадыёне распачаўся чарговы восеньскі сезон кірмашоў. Чым радавалі вытворцы пакупнікоў у гэты дзень, што было ў продажы і найбольш запатрабавана жыхарамі райцэнтра, наколькі ўдалым аказалася адкрыццё сезона?

Самым запатрабаваным таварам стала ў той дзень зерне. Прывезлі яго прадстаўнікі сельгасфіліяла “АграМАЗ”. Пяцьдзясят мяшкоў ячменю, якія даставіў на кірмаш вадзіцель гаспадаркі Віталь Юр’евіч Карпенка, разышліся “на ўра” за лічаныя мінуты. Кошт тавару памяркоўны – 13 рублёў за мех.

Не менш папулярнай сярод бярэзінцаў была прадукцыя рыбнай гаспадаркі “Волма” суседняга Чэрвеньскага раёна. Пацвярджэннем таму вялікая чарга каля імправізаванага прылаўка. У наяўнасці былі карп, таўсталобік і шчупак. Відаць, засумавалі бярэзінцы па жывой рыбе, нягледзячы на тое, што жывуць на беразе ракі.

Сваю прадукцыю прадстаўлялі таксама ЗАТ “Клявіца” з вялікім наборам мясных вырабаў і ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”, у наяўнасці якога былі мяса, фарш, супавыя наборы і корм для жывёлы з ялавічыны. Тут жа, на цэнніку – спасылку: ёсць гной, салома і сена, прыведзены кошт за тону кожнага віду тавару, падавайце заяўкі, запісвайцеся.

— Заказаны тавар мы дастаўляем як сваім транспартам, так і транспартам заказчыка,- тлумачыць прадавец (яна ж бухгалтар ААТ) Вера Віктараўна Санько.- Для пакупніка больш выгадны самавываз, бо кошт кожнай гадзіны выпісанай машыны абыходзіцца нятанна.

А вось за дастаўку набытага на кірмашы тавару да самага дома асобным пакупнікам дастаткова было заплаціць тры рублі. Не на ўсіх распаўсюджвалася такая льгота — толькі на грамадзян непрацаздольнага ўзросту, інвалідаў і ветэранаў старэй за 60 год. Такую паслугу напярэдадні Дня пажылых людзей арганізаваў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. А памочнікамі ў пагрузцы набытага тавара выступалі юныя валанцёры — старшакласнікі СШ №2 г. Беразіно з ліку членаў БРСМ.

Астатні асартымент тавараў на кірмашы прадстаўлялі прыватнікі са Столінскага раёна (капуста, морква, цыбуля, іншая садавіна і агародніна, а таксама грэцкія арэхі) і суседняй Барысаўшчыны (саджанцы пладовых дрэўцаў), мясцовыя жыхары (мёд, журавіны).

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *