Педагогі Бярэзіншчыны адзначаюць прафесійнае свята

У доме выхавальніка цэнтра дашкольнага развіцця дзіцяці “Крынічка” Клаўдзіі Аляксандраўны Навумавай пачэснае месца займаюць дзіцячыя малюнкі і работы яе выхаванцаў. Любіць яна не толькі атрымліваць падарункі дзяцей, але і вырабляе іх уласнымі рукамі і дорыць хлопчыкам і дзяўчынкам. Робіць гэта ад шчырага сэрца і з вялікай любоўю да кожнага свайго выхаванца.
— Дзеці для мяне — бясконцая крынічанька добрага настрою, маладосці і аптымізму, — гаворыць Клаўдзія Аляксандраўна, — з імі ніколі не бывае сумна, забываеш пра ўзрост, дамашнія праблемы і турботы. Яны не даюць мне старэць і дораць надзею на лепшае.
Чуць такое ад выхавальніка з саракагадовым стажам дзіўна, але жанчына гады не лічыць і з удзячнасцю ўспамінае сваю настаўніцу і калегу па працы з дзіцячага садка №2 горада Наталлю Мілікаўну Калянковіч, чый “дашкольны” стаж размяняў ужо пяты дзясятак і не прымусіў развітацца з любімай справай. Таму ў планах Клаўдзіі Аляксандраўны яшчэ шмат зрабіць і асвоіць, каб вярнуць былы прэстыж прафесіі работніка дашкольных устаноў.
— Крыўдна мне, што звычайна ўсе лаўры па выхаванні і навучанні дзяцей дастаюцца школьным настаўнікам, — зазначае яна, — але мы не менш за іх вучым хлопчыкаў і дзяўчынак азам ведаў і культуры паводзін, раскрываем іх таленты і здольнасці, імкнёмся ісці ў нагу з часам і сучаснымі патрабаваннямі.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *