Разгледжана прафілактыка ВІЧ-інфекцыі

На мінулым тыдні прайшло пасяджэнне каардынацыйнага савета па дэмаграфічнай бяспецы ў канферэнц-зале райвыканкама. Намеснік старшыні райвыканкама У.М. Навіцкі, намеснік галоўнага ўрача Бярэзінскай ЦРБ Г.М. Усовіч, галоўны санітарны ўрач Бярэзінскага РЦГЭ В.С. Буйніцкі, урачы ЦРБ і РЦГЭ і іншыя члены камісіі абмеркавалі выкананне Дзяржаўнай праграмы “Здароўе нацыі і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2016-2020 гады. А дакладней, адну з падпраграм – “Прафілактыка ВІЧ-інфекцый”.

На сённяшні дзень у Бярэзінскім раёне сумарна зарэгістравана 16 выпадкаў ВІЧ-інфіцыравання. Вядома ж, вельмі важна своечасова выявіць гэтае захворванне — пачаць лячэнне і прымаць меры бяспекі, каб не перадаць ВІЧ іншым.
— Хацелася б, каб як мага больш людзей прайшлі медыцынскі агляд на выяўленне віруса імунадэфіцыту чалавека, — заўважыла Г.М. Усовіч. — Забор крыві на ВІЧ-даследаванне праводзіцца ў паліклініцы, у працэдурным кабінеце (2 паверх, кабінет №202). Даследаванне бясплатнае, можна прайсці ананімна.
У.М. Навіцкі звярнуў увагу на абавязковае праходжанне медагляду, неабходных абследаванняў, у тым ліку скрынінгу на ВІЧ, бо гэта дазваляе своечасова выявіць хваробы і пачаць лячэнне. А для гэтага неабходна вучыць людзей клапаціцца аб сваім здароўі.
Затым гаварылі аб тым, як наладжана работа кардыялагічнай службы, што робіцца для таго, каб знізіць смяротнасць ад захворванняў сістэмы кровазвароту.
Як зазначыў урач-кардыёлаг Дзмітрый Анатольевіч Цітоў, за 9 месяцаў гэтага года ад хвароб сістэмы кровазвароту памерла 127 чалавек (за 9 месяцаў мінулага года — 150). 22 чалавекі працаздольнага ўзросту: 19 мужчын і 2 жанчыны.
— І тут галоўнае, зноў жа, своечасова выявіць захворванне, — гаварыў Д.А. Цітоў. – У гэтым дапамагае медыцынскі агляд. Радуе, што большасць кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў пільна сочаць, каб іх работнікі своечасова праходзілі медыцынскі агляд.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *