Пасяджэнне ў Багушэвічах

Клапаціцеся пра здароўе. З гэтага, здавалася б, простага выразу пачалося выязное пасяджэнне каардынацыйнага савета па дэмаграфічнай бяспецы, якое прайшло ў аграгарадку Багушэвічы. З вяскоўцамі пагутарылі, адказалі на пытанні намеснік галоўнага ўрача Бярэзінскай ЦРБ Ганна Мар’янаўна Усовіч, урач-псіхіятр-нарколаг Вольга Дзмітрыеўна Жукоўская і загадчык Багушэвіцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Ігар Аляксеевіч Клюсаў.

Г.М. Усовіч расказала прысутным аб дэмаграфічнай сітуацыі ў цэлым па раёне, больш падрабязна — па Багушэвіцкім сельскім Савеце. “У лідарах” тут прычыны смяротнасці традыцыйныя: захворванні сістэмы кровазвароту, новаўтварэнні, знешнія прычыны.
— Калі ласка, своечасова звяртайцеся за медыцынскай дапамогай, больш адказна стаўцеся да свайго здароўя, — гаварыла прысутным Ганна Мар’янаўна. – Вы, напэўна, добра ведаеце, што захворванне прасцей папярэдзіць, чым затым лячыць. У нашай ЦРБ працуюць вопытныя ўрачы, ёсць неабходнае абсталяванне, каб правільна паставіць дыягназ і прызначыць лячэнне. Чэргі ў паліклініцы сёння мінімальныя: хапае ўрачоў (укамплектаванасць 89,2%). Для зручнасці пацыентаў дзейнічае талонная сістэма. Талоны да таго альбо іншага ўрача можна заказаць у рэгістратуры асабіста, па тэлефонах ці на сайце talon.by. Увогуле, наша ЦРБ пераходзіць на электроннае абслугоўванне. Кожнаму бярэзінцу неабходна атрымаць электронную картку (звярнуцца ў рэгістратуру з пашпартам, дзецям – з пасведчаннем аб нараджэнні). На ёй будзе змяшчацца інфармацыя аб тым, якія рэцэпты выпісаў вам урач, і нумар амбулаторнай электроннай карты. Такім чынам, гэта картка з цягам часу заменіць папяровую амбулаторную карту.

Далей аб тым, як уздзейнічае алкагалізм на арганізм чалавека, расказала В.Д. Жукоўская:
– Наша задача – не забараніць ужываць алкагольныя напоі, а расказаць аб тым, што можа здарыцца, калі будзеце выпіваць “крыху” для настрою. Думаю, усе ведаюць, як згубна дзейнічае алкаголь на нервовую, мочапалавую сістэмы, увогуле, на ўвесь арганізм. Алкагалізм – гэта хвароба. Але, на жаль, большасць маіх пацыентаў гэтага не разумее. Складана пераканаць такіх людзей. Кожны сам павінен зрабіць выбар: злоўжываць алкагольнымі напоямі, а затым змагацца з хваробамі, быць інвалідам, ці быць шчаслівым, здаровым чалавекам.
Затым прысутным аб тым, што неабходна кантраляваць артэрыяльны ціск, калі ёсць адхіленні ад нормы, прымаць прэпараты, выконваць рэкамендацыі ўрачоў, гаварыў І.А. Клюсаў.
У канцы пасяджэння паглядзелі фільм “Свет в конце тоннеля”, заснаваны на рэальных падзеях, аб тым, куды “вядзе” кілішак-другі гарэлкі.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *