Бярэзінскія земляробы вядуць ворыва зябліва

На палетках раёна завяршылася азімая сяўба зерневых культур. Па інфармацыі райсельгасхарчу на 9 кастрычніка гэта работа выканана на 94 працэнты да задання. У ліку тых, хто паспяхова справіўся ў аптымальныя тэрміны правесці гэту кампанію, і калектыў сельгасфіліяла “Здравушка-агра”. Азімы клін тут склаў 1300 гектараў, з якіх па 400 гектараў занялі пшаніца і трыцікале і 500 гектараў – жыта.

А сёння працаўнікі філіяла робяць зачын пад ураджай будучых яравых культур. На пачатак тыдня з плануемых 889 гектараў зябліва было ўзнята больш паловы – 489. Палеткі пад веснавую сяўбу тут рыхтуюцца па ўсіх тэхналагічных нормах, пачынаючы ад лушчэння іржышча, унясення гліфасатаў, дыскавання глебы і наступнага яе ўзорвання. Не забываюць і пра збор камянёў.
На асноўных палявых работах заняты чатыры энерганасычаныя трактары, сярод якіх і новенькі, толькі што атрыманы па лізінгу, МТЗ-3522 з амерыканскім рухавіком і вялікім 9-корпусным плугам.

Задаволены новай тэхнікай механізатар Генадзь Ізнік, які амаль не пакідае кабіну трактара і адзін з пачатку кампаніі паспеў узараць амаль 350 гектараў – прыкладна па 46 за змену. А каб такі каштоўны трактар не прастойваў у напружаны час, яго работу арганізавалі ў кругласутачным рэжыме, напарнікам Г. Ізніка з’яўляецца Сяргей Федарэнчык. Па аналагічным графіку працуе яшчэ адзін экіпаж механізатараў – Юрыя Цюхая і Сяргея Аўтуховіча. На апрацоўцы глебы задзейнічаны таксама не менш старанныя механізатары Іван Путрык, Васіль Хрэшчановіч, некаторыя іншыя спецыялісты.
Наладжаная ў гаспадарцы работа арганізавана такім чынам, каб ворыва зябліва было завершана своечасова.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
На здымках: механізатар Г. Ізнік каля новенькага МТЗ-3522; дырэктар сельгасфіліяла “Здравушка-агра” М. Крыцкі; на лушчэнні іржышча заняты Ю. Цюхай.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *