У Бярэзінскай ЦРБ віншаванні прымалі матулі

Прыемная сустрэча адбылася падчас Тыдня маці, у сераду, у радзільным аддзяленні Бярэзінскай ЦРБ. Па добрай традыцыі сюды завіталі павіншаваць жанчын з прыгожымі, рознакаляровымі шарыкамі і падарункамі начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Наталля Іванаўна Белаус і галоўны спецыяліст Таццяна Валер’еўна Шыфрына, начальнік аддзела матэрыяльна-бытавога забеспячэння і працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Міхайлаўна Барауля і галоўны спецыяліст Наталля Валер’еўна Жукоўская.

Калі мы прыйшлі ў аддзяленне, тут было 12 матуль: хтосьці толькі нарадзіў сыночка ці дачушку, былі і тыя, хто яшчэ ў чаканні “кветак жыцця”.

— Са святам, самыя шчаслівыя жанчыны – матулі. Што можа быць даражэй за гэты маленькі, ружовенькі “камячок” шчасця?! Жадаем, каб вашы дзеткі былі здаровенькімі, шчаслівымі і штодня радавалі вас, — гаварылі госці. – Да нашых віншаванняў далучаюцца і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія перадалі падарункі вашым дзеткам, Вольга Генадзьеўна Маркевіч і Пётр Віктаравіч Смелякоў.

Затым Н.І. Белаус раздала буклеты-памяткі, нагадала, на працягу якога тэрміну неабходна зарэгістраваць дзіця ў ЗАГСе, якія для гэтага неабходны дакументы.

Вядома ж, і госці, і матулі выказвалі самыя шчырыя словы ўдзячнасці за здаровенькіх дзетак, за міласэрныя адносіны, за дапамогу, падтрымку медыцынскім работнікам радзільнага аддзялення. Другой матуляй для большасці дзетак, што нарадзіліся ў нашым раёне, стала яго загадчыца Таццяна Уладзіміраўна Калугіна:

— Хвалююся за кожную мамачку. І такое задавальненне, асалода на сэрцы слухаць звонкае “куга-куга”, бачыць шчаслівыя вочы маладых матуль.

Святы сустракаць у бальніцы не вельмі весела. Але, пагадзіцеся, ёсць нешта сімвалічнае, нарадзіць дзіцятка падчас Тыдня маці альбо нават у Дзень маці – зрабіць сабе самы каштоўны, самы дарагі падарунак. Атрымліваецца двайное свята.

 

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *