У Бярэзінскім раёне правялі зарыбленне Гарэніцкага вадасховішча

 

 

Шумна і шматлюдна было ўчора на беразе Гарэніцкага вадасховішча. Тут супрацоўнікі раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) арганізавалі і правялі мерапрыемства па зарыбленні. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі Бярэзінскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і мясцовыя жыхары. Запрасілі на мерапрыемства і вучняў Гарэніцкай установы адукацыі. Відовішчная і незвычайная дзея вельмі ўразіла школьнікаў. Гарачым духмяным чаем частаваў гасцей егер раённай структуры БТПР Міхаіл Казіміравіч Яблонскі.

Месца і сезон былі выбраны невыпадкова. Возера абсалютна падыходзіць па біялагічных характарыстыках. А асенняя пара – найбольш спрыяльны час для перасялення рыбы. Усяго ў Гарэніцкае вадасховішча падчас мерапрыемства выпусцілі больш за тысячу 400-грамовых асобін карпа, шчупака і белага амура, што выдатна ачышчае вадаём ад водарасцей.

— Зарыбленне дазволіць адначасова збалансаваць састаў рыб і задаволіць запыты аматараў рыбнай лоўлі, — зазначыў выконваючы абавязкі дырэктара раённай структуры БТПР Генадзь Міхайлавіч Стральцоў. — На ўліку ў таварыстве па стане на 30 верасня знаходзяцца 174 рыбаловы. І цяпер на вадаём прыходзіць яны будуць яшчэ з большым задавальненнем, упэўніўшыся на свае вочы, што рыба там ёсць. Дарэчы, менавіта ўзносы членаў БТПР дапамаглі ажыццявіць закупку рыбы і ўпершыню за дастаткова вялікі прамежак часу папоўніць запасы аднаго з вадаёмаў Бярэзіншчыны.

Па словах егера і заўзятага рыбалова Віктара Канстанцінавіча Чагана, участак зарыблення і тэрыторыя паблізу яго трое сутак павінны знаходзіцца пад аховай. Гэтага перыяду дастаткова для акліматызацыі новых насельнікаў да ўмоў вадаёма і разыходжання рыбы па возеры.

Сімвалічна, што мерапрыемства прайшло пад знакам Года малой радзімы. Дзякуючы намаганням супрацоўнікаў БТПР папоўніліся багацці нашай роднай старонкі, а бярэзінцы-рыбаловы атрымалі ў падарунак больш прывабнае месца для адпачынку.

Алена МУРАЧ.

Фота аўтара.

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *