Як не трэба паліць лазню

 

 У мінулую нядзелю ноччу ўспыхнула лазня на вуліцы Чырвонаармейскай у Беразіно. Выратавальнікі аператыўна ліквідавалі ўзгаранне, але лазня значна пашкоджана.

Найбольш верагоднай прычынай пажару стала перагрэтая печ. Самі гаспадары расказваюць, што палілі печ  добра, некалькі разоў падкідваючы немалыя ахапкі дроў, каб лазня доўгі час была гарачай.  Акрамя таго, печ стаяла ў непасрэднай блізкасці ад драўлянай сцяны – літаральна за некалькі сантыметраў. Спачатку загарэлася сцяна, а потым полымя выбралася на дах.

Такая прычына, як няправільная эксплуатацыя печаў, — лідар сярод  пажараў у нашым раёне. Так, з 22-х узгаранняў у гэтым годзе (дадзеныя на 8 кастрычніка), у дзевяці выпадках “вінаватая” печ. А дакладней – самі гаспадары, якія забываюцца пра элементарныя меры бяспекі: што  небяспечна пераграваць печ і пакідаць на ляжанцы коўдры і пакрывалы, што трэба прыбіць  на падлозе перад топкай металічны ліст і абавязкова замазаць усе расколіны печы і яе дымаходу. А яшчэ не забываць пра тое, што ўпартая ўпэўненасць “многа гадоў так робім, і нічога!”  не сёння, дык заўтра абавязкова прывядзе да бяды.

Таму зараз самы час задумацца пра ўласную бяспеку,  а не чакаць, калі “клюне” чырвоны певень. Тады ўжо штосьці папраўляць будзе занадта позна.

Вольга ДАНЭЙКА,

 інспектар прапаганды Бярэзінскага РАНС.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *