«Сябрую з газетай з дзяцінства»

КРЫСЦІНА АЛЯКСАНДРАЎНА КРУК:

— З раённай газетай “Бярэзінская панарама” сябрую даўно. Калі нават вучылася ў школе, з задавальненнем чытала раёнку, нават штосьці спрабавала друкаваць. Пасля былі студэнцкія гады. Але і ў той час, не расставалася з любімым перыядычным выданне. Калі прыязджала дамоў, заўсёды лістала газету: цікава ж, чым жыве раён, якія святы, мерапрыемствы, акцыі прайшлі або праходзяць, хто лепшы ў сваёй прафесіі. А калі пачала працаваць у Бярэзінскай ЦРБ, раёнка стала, увогуле, лепшым сябрам. І сёння добра памятаю, як пра мяне, маладога спецыяліста, з’явіўся вялікі артыкул. Я была такая шчаслівая. Шчыра кажучы, і зараз прыемна, калі ў газеце друкуюцца артыкулы пра мяне, родных, блізкіх, калег… Увогуле, хочацца адзначыць, што газету ў нас чытае  ад першай старонкі да апошняй уся сям’я. І, дзіва, амаль пра кожнага ў той альбо іншы час былі грунтоўныя артыкулы.

Бясспрэчна, у раёнцы больш за ўсё падабаюцца матэрыялы на медыцынскую тэматыку. З гонарам чытаю замалёўкі  пра нашых медыцынскіх работнікаў, нашы перамогі, наш другі дом – Бярэзінскую ЦРБ.  Вядома ж, падабаецца і  рубрыка “Гутаркі ўрача”, дзе мы друкуем прафілактычныя матэрыялы, нагадваем, каб людзі клапаціліся пра сваё здароўе. Даспадобы матэрыялы, што друкуюцца пад рубрыкай “Асоба”. Чытаеш іх, быццам завочна знаёмішся з героем артыкула, а калі і знаёмы з ім, то даведваешся пра нешта новае, цікавае. Радуе, што газета ідзе ў нагу з часам: абноўлены, насычаны сайт, матэрыялы можна пачытаць і ў сацыяльных сетках…

Ведаеце, у мяне нават ёсць своеасаблівы архіў: там змешчаны найбольш каштоўныя матэрыялы. Бывае, пералістваю яго. І назіраю, як я “расту”, развіваюся ў прафесіі  разам з газетай: уласныя невялічкія школьныя замалёўкі, артыкулы пра нашу работу, прафілактычныя матэрыялы…

Дзякуй любімай раёнцы за цікавыя, актуальныя матэрыялы, дзякуй за супрацоўніцтва.

 

P.S. Дарэчы, Крысціна Аляксандраўна не толькі наш пастаянны чытач, герой матэрыялаў, аўтар, але і актыўны папулярызатар газеты.

Дзякуем

 

Запісала Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *